Дырэктар інстытута тэхналогіі металаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Анатоль Жыгалаў на прэс-канферэнцыі расказаў, як развіваюцца тэхналогіі ў беларускай металургіі, паведамляе БелТА.
Інстытут вырабляе і пастаўляе навукова-тэхнічную прадукцыю (зносастойкія дэталі з чыгуну, свінцовыя загатоўкі, пруткі з бронзы, латуні, чыгуну і іншых сплаваў, біметалічныя загатоўкі, цынкавыя аноды, загатоўкі з антыфрыкцыйнага сілуміну і інш.). За кошт таго, што выкарыстоўваецца айчынная сыравіна, прадукт атрымліваецца як мінімум на 80 працэнтаў таннейшым, сказаў Анатоль Жыгалаў.
Дырэктар інстытута закрануў і новы напрамак для краіны, які дыктуе рынак. «Цяпер наш інстытут мае вялікую дынаміку ў парашковай металургіі. Я быў на розных выстаўках у Маскве, на „ІНАПРАМе“ ў Екацярынбургу і там бум у гэтым напрамку, — адзначыў ён. — У прадуктаў на парашковых тэхналогіях цвёрдасць, зносастойкасць, прадукцыйнасць у некалькі разоў вышэйшыя, а таксама яны якасныя. Мы стварылі на падставе гэтых тэхналогій вытворчасць цвёрдасплаўнага інструменту, а не толькі распрацавалі тэхналогію. Рынак Беларусі спажывае гэтай прадукцыі на $30 млн у год, а да гэтага ўсё завозілі».Наступны напрамак развіцця інстытута — удасканаленне сельскагаспадарчай галіны. «Наносім парашок на плугі, што павышае зносастойкасць у 3-5 разоў. Патрэбнасць рынку выклікае гэтыя інавацыйныя праекты, якія пачынаюць развівацца», — сказаў ён.
Немалаважным аспектам развіцця вучоны назваў дапамогу ўрада як фінансавую, так і маральную. Паводле яго слоў, дзякуючы гэтаму за год-два гэта дазваляе ажыццявіць прарыўныя тэхналогіі.