Top.Mail.Ru

Новая вытворчасць па вырабе харчовай рыбнай прадукцыі адкрылася ў паўночнай сталіцы Беларусі

«Марскія сезоны» па-віцебску

Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Марскія сезоны» было створана для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта «Узвядзенне рыбаперапрацоўчага прадпрыемства на тэрыторыі СЭЗ «Віцебск». Яно будзе займацца перапрацоўкай і кансерваваннем рыбы, ракападобных і малюскаў. 

— Мяркуючы па тым, якія тут закладзены тэхналагічныя рашэнні і прыняты кірункі ў развіцці і стратэгіі ўдасканальвання, прадукцыя знойдзе водгук у нашага пакупніка, — адзначыў на цырымоніі адкрыцця старшыня аблвыканкама Павел Муравейка. — Стварэнне такога прадпрыемства не што іншае, як барацьба за нашу прамысловую і харчовую бяспеку. Таму што сёння, калі ў свеце дамініруе нядобрасумленная канкурэнцыя, вырашэнне задач шляхам ціску, санкцый і іншага, стварэнне такога самастойнага прадпрыемства, якое забяспечыць і Беларусь, і Расію сучаснай прадукцыяй, якая сапраўды запатрабаваная і смачная, для нашага спажыўца вельмі важна. 



Інвестыцыйная фаза праекта ахоплівала 2022 — 2026 гады. Як і планавалася, пачатак вытворчай дзейнасці прыпаў на 4-ы квартал бягучага года. На поўную праектую магутнасць прадпрыемства выйдзе ў 2028-м. 

З пачатку дзейнасці створана 744 працоўныя месцы, у тым ліку 428 на вытворчай пляцоўцы ў Віцебску, якая была набыта ў лютым гэтага года. Пры выхадзе аб’екта на поўную магутнасць агульная колькасць новых месцаў складзе каля 1 тысячы. 

Сыравіну плануюць набываць у расійскіх прадпрыемстваў, якія займаюцца прамысловым вылавам дзікай марской рыбы каштоўных парод. Асноўная сыравіна: мінтай, фарэль, селядзец, ікра мойвы і селядцу, морапрадукты. Аб’ёмы складскіх памяшканняў дазваляюць захоўваць каля 5 тысяч тон сыравіны і 2,5 тысячы тон гатовай прадукцыі. 



Вытворчая праграма прадугледжвае наступны наменклатурны пералік: марожаная рыбная прадукцыя, ахалоджаная фарэль без галавы, прэсэрвы з рыбы, а таксама вырабы з морапрадуктаў у соусах і заліўках, пастэрызаваня рыбная прадукцыя, ікорныя вырабы. Магутнасці прадпрыемства дазваляюць вырабляць да 110 тон гатовай прадукцыі ў суткі. 

Акрамя насычэння харчовага рынку Беларусі прадукцыяй з натуральнай дзікай рыбы, новая вытворчасць будзе садейнічаць імпартазамяшчэнню падобных тавараў, росту экспарту — звыш 90 % прадукцыі плануюць рэалізоўваць за межы краіны — і паляпшэнню сальда плацежнага балансу. 

Святлана ЯКАЎЛЕВА, фота прадастаўлена ТАА «Марскія сезоны»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю