Ідэя стварэння арт-лакацыі «Месца прыцягнення закаханых» у маляўнічым парку Палаца Пацёмкіна зыходзіла ад мясцовай моладзі, хутка праект падалі на адкрыты конкурс грамадзянскіх ініцыятыў — і вось зусім нядаўна прайшло ўрачыстае адкрыццё гэтай рамантычнай пляцоўкі.
— Палац Пацёмкіна традыцыйна з’яўляецца галоўным месцам правядзення ўрачыстых рэгістрацый шлюбу і вясельных фотасесій у рэгіёне, — расказаў дырэктар Гістарычнага музея Крычава, старшыня Маладзёжнага савета пры Крычаўскім раённым савеце дэпутатаў Уладзімір МІШЧАНКА. — У мінулым годзе падчас сустрэчы з маладзёжным актывам горада і раёна, мы пачулі запыт на тое, што ў нашай мясцовасці не хапае адкрытай пляцоўкі, дзе можна было б праводзіць цырымоніі шлюбу, — і пачалі дзейнічаць.
Праект быў аформлены і пададзены на адкрыты конкурс грамадзянскіх ініцыятыў на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. З 51 заяўкі было вызначана 18 пераможцаў. І ў адпаведнасці з бальнай сістэмай ацэнкі, менавіта гэты праект заняў першае месца.
— Нам было выдзелена фінансаванне ў памеры больш за 30 тысяч беларускіх рублёў. 10 % ад выніковай сумы праекту сабралі самі жыхары, — адзначыў Уладзімір Мішчанка
Усяго на арт-лакацыі «Месца прыцягнення закаханых» устаноўлены чатыры ключавыя тэматычныя аб’екты, аформленыя ў выглядзе адзінай вясельнай фотазоны: альтанка-ратонда, арка маладых, лава закаханых і арт-аб’ект «Сямейныя вузы». Таксама прадугледжаны і дадатковыя лаўкі для гасцей.
Мантаж элементаў і добраўпарадкаванне лакацыі пачаліся ў ліпені 2026 года, а ўрачыстае адкрыццё адбылося ў верасні. Так, у апошнія цёплыя дні маладыя з задавальненнем пачалі запісвацца на выязную рэгістрацыю шлюбу на прыгожай лакацыі ў парку Палаца Пацёмкіна. Дарэчы, зарэгістраваць шлюб на тэрыторыі помніка архітэктуры канца ХVІІІ стагоддзя могуць не толькі мясцовыя жыхары, але і моладзь з усёй краіны.
Характэрна і тое, што гэта лакацыя карыстаецца попытам не толькі ў маладых і іх гасцей, але і ў турыстаў. Штогод Палац Пацёмкіна наведвае больш за 30 тысяч чалавек. Сёлета акрамя традыцыйных экскурсій па палацы, дадаліся і экскурсійныя маршруты па тэрыторыі парку, і новы арт-аб’ект, вядома, ужо ўключылі ў праграму.
Лізавета ГОЛАД, фота аўтара