У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны ў гэтым годзе адкрываюць новую спецыяльнасць «Турызм і гасціннасць», паведаміў БелТА рэктар ВНУ Сяргей Хахомаў.
Як звярнуў увагу рэктар, спецыялістаў па турызме пакуль не рыхтуюць ні ў адной ВНУ Гомельскай вобласці.
«Урадам нашай краіны зацверджана Дзяржаўная праграма „Турызм“ на 2026—2030 гады. Яна нацэлена на павышэнне ўкладу сферы турызму ў эканоміку Беларусі, рэгіёнаў. У прыватнасці, плануецца павелічэнне долі гэтай сферы ў ВУП да 4,5% у 2030 годзе. І я думаю, што спецыялісты, якіх мы пачынаем рыхтаваць, будуць запатрабаваныя на рынку працы», — зрабіў акцэнт Сяргей Хахомаў.
Вучыцца будучым спецыялістам у сферы турызму і гасціннасці трэба будзе на геолага-геаграфічным факультэце на дзённай форме. За 4 гады яны асвояць такія дысцыпліны, як менеджмент турыстычнай індустрыі, турагенцкая і тураператарская дзейнасць, маркетынг у турыстычнай індустрыі, экскурсазнаўства, брэнд-менеджмент, рэклама і сувязі з грамадскасцю ў турызме, а таксама стартап-тэхналогіі і сістэмнае прадпрымальніцтва, крэатыўныя індустрыі і арт-менеджмент.
Па словах рэктара, ужо ў працэсе навучання студэнты пройдуць практыку, у тым ліку па турагенцкай і тураператарскай дзейнасці, па экалагічным турызме, экскурсазнаўстве і нават па фарміраванні турыстычнага прадукту і яго прасоўванні.
«У выпускнікоў будуць сфарміраваны прафесійныя кампетэнцыі для работы ў самых розных напрамках. Турыстычная індустрыя, арганізацыя часовага пражывання, адпачынку і забаў, дзейнасць музеяў, гістарычных месцаў і будынкаў, турыстычных славутасцяў, а таксама адукацыя, навуковыя даследаванні і распрацоўкі», — пералічыў Сяргей Хахомаў.
Для паступлення на новую спецыяльнасць абітурыентам трэба будзе здаць матэматыку (ЦТ або ЦЭ), замежную мову (ЦТ або ЦЭ), рускую (беларускую) мову (ЦТ або ЦЭ).