Традыцыйна 15 красавіка ў свеце адзначаецца Дзень экалагічных ведаў. Упершыню пытанне аб ролі экаадукацыі ў жыцці чалавека было ўзнята ў 1992 годзе ў Рыа-дэ-Жанейра на Канферэнцыі ААН, прысвечанай праблемам навакольнага асяроддзя. Місія свята — звярнуць увагу сусветнай грамадскасці на прасоўванне экалагічных ведаў і фарміраванне экалагічнай культуры насельніцтва, інфармаваць яго аб стане навакольнага асяроддзя і распаўсюджваць ідэі рацыянальнага карыстання прыроднымі рэсурсамі. Сімвалічна, што менавіта ў гэты дзень быў запушчаны новы экаадукацыйны праект Мінпрыроды і Мінадукацыі «ЭкаВеды».
Мэта праекта — фарміраванне беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя, прыродных рэсурсаў і павышэнне экалагічнай пісьменнасці дзяцей і моладзі. Урачыстая прэзентацыя адбылася ў галоўным корпусе БНТУ. Лакацыя абрана не выпадкова. ВНУ з’яўляецца кузняй высокакваліфікаваных кадраў у галіне горнай справы і інжынернай экалогіі, энергетыкі і інш. Многія яго былыя студэнты пасля выпуску з альма матэр уладкоўваюцца на працу ў ведамствы сістэмы Мінпрыроды. Так, толькі ў НПЦ па геалогіі сёлета плануюць паступіць 45 маладых спецыялістаў.
— Ахова навакольнага асяроддзя — гэта прэрагатыва і задача не толькі дзяржавы і бізнесу, але і адказнасць кожнага. Чыстая вада, чыстае паветра, багатая біяразнастайнасць — якраз тыя фактары, якія мы сумеснымі намаганнямі павінны берагчы і памнажаць, каб перадаць будучаму пакаленню. З акцэнтам на гэтую ідэю мы даем сёння старт гэтаму праекту, — адзначыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей МАСЛЯК.
Сапраўды, сёння ў прыродаахоўным ведамстве сумесна з Мінадукацыі вядзецца планамерная работа па ўключэнні моладзі ў экаасветніцкія праекты — ад дзіцячых садоў да ВНУ і фарміравання перспектыўнага рэзерву маладых спецыялістаў, якія ў будучым уладкуюцца на працу ва ўстановы сістэмы Мінпрыроды.
У 2024 годзе было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Мінпрыроды і Мінадукацыі, а таксама 9 дарожных карт паміж вядучымі ВНУ Беларусі, адной з якіх з’яўляецца БНТУ.
— Сёння многія пытанні экалогіі ва ўсім свеце з’яўляюцца сур’ёзнай праблемай. Шэраг краін, калі наведваюць нашу Беларусь, адзначаюць, што ў нас гэтыя праблемы шмат у чым вырашаны. Чаму? З аднаго боку, у нас ужо ўвайшло ў звычку даглядаць за сваёй радзімай. З другога, мы займаемся пытаннямі экалогіі. Тэхналагічныя працэсы па здабычы карысных выкапняў наносяць істотную шкоду навакольнаму асяроддзю і чалавеку. Трэба шукаць інжынерныя рашэнні, якія выправяць гэтую сітуацыю. Таму гэтая сустрэча для студэнтаў нашага ўніверсітэта вельмі важная, бо мы рыхтуем кадры, якія язаймаюцца пытаннямі прамысловай экалогіі. Гэта наша тэма, — падкрэсліў рэктар БНТУ Сяргей ХАРЫТОНЧЫК і выказаў упэўненасць, што мерапрыемства дапаможыць навучэнцам хутчэй углыбіцца ў прафесію, каб сваёй працай унесці уклад у развіццё і вырашэнне пытанняў экалагівыхавання і экабяспекі Беларусі.
Падчас прэзентацыі прадстаўнікі ведамстваў сістэмы Мінпрыроды расказалі аб асноўных напрамках дзейнасці сваіх устаноў, сучасных падыходах да падтрымання экабяспекі і адказалі на пытанні бучых маладых спецыялістаў.
— Выпускнікі інжынерных спецыянасцей актыўна ўдзельнічаюць у вырашэнні пытанняў экалогіі, бо і праектаванне, і выпрацоўка тэхналогій зараз першым чынам павінны весціся з улікам забеспячэння бяспекі вытворчасці чалавека і навакольнага асяроддзя. Сёння мы ўжо выраслі да такой ступені, што гэтыя пытанні ў нас знаходзяцца ў полі зроку, — дадаў кіраўнік БНТУ.
Фота Лізаветы ГОЛАД