Вялікай падзеяй для аматараў здаровага ладу жыцця, фізкультуры і спорту стала ўвядзенне ў эксплуатацыю фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Драйв» у Браславе.
Новы аб’ект з агульнай плошчай будынка звыш 1,8 тысячы квадратных метраў уключае басейн, саўну, хамам з зонай адпачынку, трэнажорную залу, а таксама залы для заняткаў фітнесам і сухога плавання. Выніковы кошт аб’екта склаў амаль 10 мільёнаў рублёў.

Комплекс перадаецца ў кіраванне дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе Браслаўскага раёна. У гэтай сувязі тут створана 16 дадатковых працоўных месцаў.

— Сёння мы адкрываем чарговы комплекс на Віцебшчыне, 18-ы па ліку. Тым самым на практыцы рэалізоўваем патрабаванні кіраўніка дзяржавы: каб жыццё ў такіх населеных пунктах, невялікіх гарадах і раённых цэнтрах было не горшым, чым у Мінску і абласных гарадах, — звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, які прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці спартыўнага аб’екта.

Браслаўчане атрымалі шчаслівую магчымасць з карысцю бавіць вольны час у комплексе. У карыстанне ім прадастаўлены басейн на тры дарожкі даўжынёй 25 метраў і шырынёй 7,5 метра, падзелены на дзіцячую і дарослую зоны. Гідраўлічны пад’ёмнік дапаможа спускацца ў ваду людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Для лячэбных працэдур зманціраваны вадамёты, гідрамасажы, гейзеры, вадзяная пушка, вадаспад, аднасопельны супрацьток. Адначасовая ўмяшчальнасць басейна 24 чалавекі, у дзень плануецца да 12 сеансаў.
У трэнажорнай зале, падзеленай на зоны вольных вагаў, кардыязону, зону сілавых трэнажораў могуць адначасова займацца да 20 чалавек.
Зала для заняткаў фітнесам умяшчальнасцю да 15 чалавек аснашчана бегавой дарожкай, велатрэнажорам, стэп-дошкамі і іншым абсталяваннем.

Зала сухога плавання — спецыялізаванае памяшканне, прызначанае для трэніровак, якія імітуюць рух плыўца ў вадзе, але выконваюцца на сушы.
Завітаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў і да вяскоўцаў, працаўнікоў ААТ «Княж» Шаркаўшчынскага раёна. Ён уручыў гаспадарцы сертыфікат на 160 камплектаў спецадзення для жывёлаводаў і механізатараў. Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ён скарыстаўся магчымасцю павіншаваць калектыў і выказаць упэўненасць у дасягненні ім намечаных мэт.
Яшчэ адзін населены пункт, дзе Ігар Сергяенка падзяліў з землякамі радасць абнаўлення, — аграгарадок Лужкі Шаркаўшчынскага раёна. Ён прыняў удзел у цырымоніі запальвання сімвалічнага факела.
Газіфікацыя гэтага аграгарадка — маштабны праект, рэалізаваны ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай «Устойлівая энергетыка і энергаэфектыўнасць». Лужкі сталі 146-м з 254-х і чацвёртым з 13-і аграгарадкоў Віцебскай вобласці, куды праведзены прыродны газ.
Для гэтага пабудаваны газаправод працягласцю больш за 17 кіламетраў.
— Газ — гэта ацяпленне, поыгатаванне ежы, у цэлым утульнасць і камфорт канкрэтных домаўладанняў, — адзначыў Ігар Сергяенка. — Непасрэдна ў гэтым аграгарадку і прылеглых вёсках пражывае 900 чалавек, у тым ліку ў шматкватэрных дамах. У Лужках створаны два кааператывы, людзі падключаюцца, газіфікаваны 54 кватэры, ёсць перспектывы развіцця. На гэтым участку знаходзяцца 16 населеных пунктаў, што дае магчымасць падключыць да газаправоду яшчэ і іх. У Віцебскай вобласці ў гэтым годзе праведзена больш як 45 кіламетраў газаправоду мегавіта да сельскіх населеных пунктаў. За 30 гадоў суверэннай Беларусі ўзровень газіфікацыі жыллёвага фонду павялічыўся з 10 да 53 працэнтаў, а ў цэлым па краіне, па гарадах — да 85 працэнтаў. Гэта гаворыць аб тым, што дадзенаму кірунку ўдзяляецца значная ўвага і выдзяляюцца сур’ёзныя фінансавыя рэсурсы.

Прыродны газ, застаючыся адным з самых зручных у выкарыстанні, з’яўляецца важным рэсурсам, які дазваляе развіваць вытворчую сферу, прыватную ініцыятыву і самі населеныя пункты. З яго прыходам звязваюць перспектывы развіцця рэгіёнаў: стварэнне новых вытворчасцяў і працоўных месцаў, развіццё інфраструктуры, павышэнне прывабнасці тэрыторыі.
Сёння прыродны газ пададзены ва ўсе раёны вобласці, ім забяспечана каля 80 % жыллёвага фонду. Газіфікацыя будзе працягвацца.
Сярод іншых сацыяльна значных аб’ектаў, якія сталі падарункамі жыхарам Віцебшчыны напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, варта ўзгадаць 40-кватэрныя дамы ў Лепелі і аграгарадку Бабінічы Віцебскага раёна, арэндны дом Лукомльскай ГРЭС замест былога інтэрната ў Новалукомлі, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі ў гарадскім пасёлку Обаль Шумілінскага раёна, міні-футбольнае поле са штучным пакрыццём у Верхнядзвінску, іншыя лакацыі на карысць людзей.
Святлана ЯКАЎЛЕВА,
фота з адкрытых крыніц