Аб тым, якім паўстане абласны цэнтр напярэдадні зімовых свят, расказаў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель. У гэтым сезоне горад чакае маштабнае абнаўленне святочнай канцэпцыі: афіцыйнай галоўнай лакацыяй урачыстасцяў стане плошча Леніна. Усе ключавыя дэталі афармлення пакуль трымаюць у сакрэце, каб зрабіць гараджанам і турыстам прыемны сюрпрыз.
Ёлка, якая радавала гродзенцаў на плошчы Леніна больш за 20 гадоў, адслужыла свой тэрмін — сёлета яе замянілі на абсалютна новую канструкцыю. Яна стане самай высокай у горадзе: вышыня дрэва складзе 30 метраў, а двухметровая зорка на верхавіне павялічыць канструкцыю да 32 метраў. Вага металакаркаса перавышае 9,5 тоны (а разам з фундаментнымі блокамі — 22 тоны), плошча асновы займае каля 657 квадратных метраў.
Пры афармленні горада зрабілі стаўку на беражлівыя адносіны да прыроды: галоўная ёлка будзе цалкам штучнай, бо гэта сучаснае і экалагічнае рашэнне. Вонкавы выгляд новай прыгажуні зменіцца кардынальна. Яна не будзе піксельнай — яе аформяць у элегантным еўрапейскім стылі ў спакойнай аднатоннай гаме, якая будзе гарманіраваць з вячэрняй архітэктурнай падсветкай гістарычных будынкаў на плошчы. Вакол ёлкі ўладкуюць подыум з сімваламі Гродна, тэрыторыю дапоўняць дэкаратыўным плотам з аркамі, а над плошчай раскінецца ілюмінацыя ў выглядзе зорнага неба.

60 кіламетраў агнёў і новыя лакацыі ў мікрараёнах
Святочная ілюмінацыя ў Гродне стане значна больш маштабнай: замест леташніх 44 кіламетраў гірлянд горад упрыгожаць амаль 60 кіламетраў светлавых ніцей. Агні заззяюць на цэнтральных плошчах, у скверах, каля вакзалаў і на мастах — напрыклад, на Новым мосце з’явіцца светлавая «заслона», а на Паповіцкім зманціруюць святлодыёдную сетку. Вуліцу Савецкую таксама ўпрыгожыць святлодыёднае зорнае неба, а на вуліцах горада з’явяцца новыя светлавыя інсталяцыі — ёлак і казачных персанажаў.
Ёлкі ўстановяць практычна ў кожным мікрараёне, усяго будзе 15 па горадзе. На плошчы Савецкай з’явіцца 20-метровая ёлка і традыцыйны церам Дзеда Мароза. Навагоднія дрэвы таксама зманціруюць каля аўтавакзала і ў мікрараёне Фарты, а ў Дзевятоўцы сёлета ёлку перанясуць на новую пляцоўку — у цэнтр сквера «Белыя Росы».
Чаму мантаж пачаўся ўжо ў лістападзе?
Мэр пракаменціраваў абмеркаванні ў сацсетках аб тым, што ёлкі пачалі ставіць занадта рана. Паводле яго слоў, работы традыцыйна стартуюць у першай дэкадзе лістапада (сёлета — 10-га чысла). Прычына чыста тэхнічная: з-за вялікіх габарытаў і ветравой нагрузкі толькі зборка каркаса новай ёлкі на плошчы Леніна займае каля 10-14 дзён. Усяго ў святочным афармленні горада задзейнічаны 50 спецыялістаў прадпрыемства «Гарсвятло». Упрыгожыць увесь абласны цэнтр за адзін-два тыдні фізічна немагчыма. Да канца лістапада плануецца завяршыць зборку ўсіх каркасаў, пасля чаго пачнуць іх дэкарыраванне.

Старт свят і навагодняя ноч
Урачыстае запальванне агнёў на галоўнай ёлцы і ўключэнне ўсёй гарадской ілюмінацыі адбудзецца 15 снежня. У гэты дзень па горадзе пройдзе традыцыйны парад Дзядоў Марозаў і Снягурак, а ў парку Жылібера адкрыецца штогадовы конкурс дызайнерскіх ёлак ад прадпрыемстваў і арганізацый.
У саму навагоднюю ноч, 31 снежня, цэнтр гулянняў засяродзіцца на плошчы Леніна, дзе ўстановяць вялікую сцэну. Святочная праграма працягнецца з 23:00 да 4:00 раніцы. Роўна ў 02:00 неба над Гроднам асвеціць святочны феерверк, які запусцяць з парку Жылібера.
Фота Гродзенскага аблвыканкама