Top.Mail.Ru
224

Новы корпус 13-й гарадской паліклінікі ўведзены ў строй у Мінску

Новы корпус 13-й гарадской паліклінікі, у якім размясцілася сучаснае траўма-хірургічнае аддзяленне быў урачыста адкрыты напярэдадні Дня Незалежнасці ў горадзе Мінску, паведамляе БелТА.



Будынак 13-й гарадской паліклінікі, размешчаны ў Савецкім раёне сталіцы, быў узведзены ў 1959 годзе. На абслугоўванні ўстановы аховы здароўя раней знаходзілася звыш 20 тыс. чалавек, а цяпер за ім замацавана больш за 37 тыс. мінчан, прычым значная частка з іх — асобы старэйшыя за 60 гадоў. Так што пашырэнне і мадэрнізацыя паліклінікі — гэта яшчэ і жыццёвая неабходнасць. 

045A1736.jpg

Новы корпус, які ўдала дапоўніў дзеючую інфраструктуру ўстановы, павялічыўшы яго прапускную здольнасць амаль да 900 чалавек у змену і пашырыўшы пералік аказваемых медыцынскіх паслуг, яшчэ і вельмі ўдала ўпісаўся ў агульную архітэктуру забудовы. Задача ў будаўнікоў была не з лёгкіх, але з ёй яны справіліся ўсяго за год. 

«Падзея радасная для нашых калег і для жыхароў Савецкага раёна. Хочацца выказаць за гэта вялікую падзяку кіраўніцтву горада, нашага раёна, нашым партнёрам і будаўнікам СПМК-81, дзякуючы сумеснай працы якіх з’явіўся сучасны аб’ект з самым новым дыягнастычным абсталяваннем. Цяпер нашы пацыенты будуць атрымліваць яшчэ больш якасную медыцынскую дапамогу, а медыкі будуць работаць у камфортных умовах», — адзначыла галоўны ўрач Вікторыя Амельянчык. 

045A1529.jpg

Старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны Прэзідэнта па горадзе Мінску Наталля Качанава, шчыра вітаючы калектыў і жыхароў раёна, якія абслугоўваюцца ў паліклініцы № 13, падкрэсліла, што гэта падзея не толькі радасная, але і доўгачаканая. 

«Для нас самае важнае — гэта людзі. Пра гэта неаднаразова гаварыў і Прэзідэнт нашай краіны, а здароўе грамадзян — гэта прыярытэт сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы. У краіне дзейнічае дзяржаўная праграма „Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека“, і мы разумеем, што ўсё, што робіцца ў нашай сістэме аховы здароўя, робіцца перш за ўсё для нашых людзей. У горадзе Мінску 48% бюджэту — гэта сацыяльныя артыкулы, і ахова здароўя ў іх ліку», — расказала Наталля Качанава. 

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што ў сталіцы ўсе пытанні, якія датычацца медыцыны, вырашаюцца аператыўна. Кожны год тут уводзяцца новыя аб’екты, і 2025-ы не стане выключэннем. 

«Тыя аб’екты, якія адкрыюцца, вельмі важныя для горада. Гэта і паліклініка анкалагічнага дыспансера, інфекцыйная бальніца, медыцынскі цэнтр па вуліцы Маякоўскага і многія іншыя, якія сёння ўзводзяцца, каб аказваць высокакваліфікаваную медыцынскую дапамогу нашым жыхарам. Самае важнае, каб усе былі жывыя і здаровыя», — адзначыла Наталля Качанава. 

045A1880.jpg

Старшыня Савета Рэспублікі таксама выказала падзяку медыкам за іх нялёгкую працу і жыхарам Савецкага раёна, якія любяць сваю краіну. 

«Ідзе пяцігодка якасці, Год добраўпарадкавання, і Мінск прыгожы і добраўпарадкаваны ў тым ліку і дзякуючы яго жыхарам, якія так любяць свой горад», — адзначыла Наталля Качанава, павіншаваўшы ўсіх з надыходзячым святам і выказаўшы надзею, што будучыя пакаленні будуць жыць у такой жа прыгожай краіне, ганарыцца ёю і шчыра берагчы. У якасці падарунка для абноўленай паліклінікі Наталля Качанава ўручыла сертыфікат на медыцынскае абсталяванне. 

Сімвалічны ключ ад новага корпуса аб’екта галоўнаму ўрачу ўстановы Вікторыі Амельянчык аддаў дырэктар ААТ" СПМК-81 ″ Аляксандр Матарыкін.

«Вельмі прыемна, што ў адным з найстарэйшых раёнаў горада Мінска з’явіўся вось такі аб’ект, што нам удалося яго ўпісаць у агульную забудову. І сёння жыхары атрымалі магчымасць карыстацца высокім стандартам якасці беларускай аховы здароўя», — падкрэсліў Аляксандр Матарыкін. 

Пасля таго, як ганаровымі гасцямі была перарэзана сімвалічная чырвоная стужачка, яны атрымалі права першымі здзейсніць экскурсію па новым, сучасным і ўтульным корпусе. 

У ім было адкрыта новае траўма-хірургічнае аддзяленне з аперацыйным блокам. Для рэабілітацыі пацыентаў, якія перанеслі траўмы, пашырыліся магчымасці рэабілітацыі ў амбулаторных умовах. У новым корпусе размясціліся кабінеты вузкапрофільных спецыялістаў. Напрыклад, тут па апошнім слове тэхнікі абсталяваны афтальмалагічны кабінет. Адкрылася ўласная клініка-дыягнастычная лабараторыя, а абсталяванне цэнтральна-стэрылізацыйнага аддзялення закрые не толькі патрэбы самой паліклінікі, але дазволіць прымаць заказы на стэрылізацыю інструментара іншых устаноў. 

045A1384.jpg

Госці, якія наведалі новы аб’ект аховы здароўя, змаглі ацаніць яго зручнасць для розных груп насельніцтва, уключаючы людзей з абмежаванымі магчымасцямі, функцыянальнасць і высокую эстэтычнасць афармлення. 

Пасля адкрыцця паліклінічнага корпуса старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава пагутарыла з працоўным калектывам 13-й гарадской паліклінікі. Ключавымі тэмамі сустрэчы сталі: геапалітычная абстаноўка ў свеце, як у Беларусі ўдаецца захоўваць эканамічную і палітычную стабільнасць і як яна стала найбуйнейшым пастаўшчыком прадуктаў харчавання на знешні рынак. 

Закранула Наталля Качанава пытанне заканатворчасці, адзначыўшы, што сустрэчы з працоўнымі калектывамі маюць вялікую практычную карысць, бо дзякуючы ім з першых вуснаў можна пачуць тое, што ў першую чаргу хвалюе людзей. Гэта дазваляе ў тым ліку праводзіць актуалізацыю заканадаўства. 

«Напрыклад, у нашай заканатворчай дзейнасці знаходзіцца Кодэкс аб ахове здароўя. Цяпер Міністэрствам аховы здароўя ідзе напрацоўка прапаноў. І вы можаце стаць удзельнікамі працэсу-унесці свае прапановы», — адзначыла Наталля Качанава. 

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла асаблівую важнасць захавання гістарычнай памяці, у тым ліку аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. А таксама ўзняла тэму дэмаграфічнай бяспекі і падтрымкі сям’і. 

«Каб мы сёння ні рабілі, мы разумеем, што будучыні без людзей не будзе. Насельніцтва старэе, і дзякуючы якаснай медыцыне людзі жывуць даўжэй. Гэта добра, але, з іншага боку, хтосьці павінен зарабляць пенсіянерам на пенсію», — падкрэсліла Наталля Качанава. 

Медыкі задалі старшыні Савета Рэспублікі хвалюючыя іх пытанні. Яны тычыліся мэтавай падрыхтоўкі будучых ўрачоў, арэнднага жылля і яго магчымага выкупу і інш. 

«Па маім перакананні, тэхнічныя магчымасці медыцыны — гэта добра. Але добрае стаўленне да чалавека з боку медыка дорага каштуе. Калі табе сказалі на прыёме, што ўсё будзе добра, ты пойдзеш ад лекара акрыленым. Праца ваша няпростая, і людзі да вас прыходзяць розныя, але трэба рабіць усё, каб пастаўленыя перад вамі задачы выконваліся эфектыўна», — рэзюмавала Наталля Качанава.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю