У новым васьміпавярховым корпусе Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага цэнтра рыхтуюцца да пуску цяпла. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на ДВА «Мінскбуд».
Як расказалі будаўнікі, да падачы цяпла практычна ўсё гатова: цеплапункт здадзены, сеткі пракладзены і заведзены ў будынак, радыятары зманціраваныя. Цяпер закрываюць пакінутыя праёмы па контуры корпуса, каб ужо на наступным тыдні ўключыць ацяпленне.
Унутры корпуса завершаны чарнавыя сантэхнічныя работы, на фінішы — электрамантаж і мантаж ліфтаў. Плюсавая тэмпература дазволіла прыступіць да аздаблення: у калідорах і памяшканнях укладваюць плітку, тынкуюць і фарбуюць сцены, устанаўліваюць дзверы і падвесныя столі. У актавай зале манціруюць акустычныя панэлі. У памяшканнях КТ і рэнтгена наносяць спецыяльную барытавую тынкоўку для радыяцыйнай абароны.
На аб’екце працуюць каля 95 чалавек. У бліжэйшыя дні да іх далучыцца брыгада маляроў, што паскорыць завяршальныя работы. Як паведамлялася раней, завяршыць будаўніцтва плануюць у лютым 2027 года.