Top.Mail.Ru

Новы навучальны год стане першым для амаль 9 тысяч маленькіх жыхароў Віцебскай вобласці

Першакласнікаў шмат не бывае!

— Гэта бліжэйшая да нашага дома школа, што вельмі зручна, каб адводзіць і забіраць дзяцей, — патлумачыла шматдзетная маці Анастасія Машара. — Адносіны да вучняў і сем’яў тут вельмі ўважлівыя, добразычлівыя, таму страху перад уступленнем у новы для сябе свет дачушкі не адчуваюць.

Бацькі, занятыя ў дзяржаўных арганізацыях, вырашылі скарыстацца магчымасцю наведвання двайнятамі групы падоўжанага дня. Група працуе да 18.00, і дзеці тут змогуць не толькі з карысцю, пад наглядам выхавальніка бавіць вольны час, рыхтавацца да ўрокаў, але і своечасова абедаць, і нават спаць. Для гэтага створаны ўсе ўмовы.

На працягу года, які папярэднічаў часу паступлення ў школу, дзяўчынкі, яшчэ выхаванкі дзіцячага садка, двойчы на тыдзень наведвалі падрыхтоўчыя заняткі. Яны пазнаёміліся з будучай першай настаўніцай, Кацярынай Заронак, якая займалася з дзецьмі, сваімі аднакласнікамі, спасціглі правілы паводзін у школе, у іх абудзілася цікавасць да ведаў.

У садку яны любілі танцаваць, і на сямейным савеце прынята рашэнне падтрымліваць развіццё творчых задаткаў дзяцей. Так, Цімафей наведвае музычную школу, дзяўчынкі будуць займацца харэаграфіяй і спевамі, а для ўмацавання здароўя наведваць басейн у сямейна-аздараўленчым цэнтры «МаМалыш».


Побач з сучаснай вялікай школай ёсць установы дадатковай адукацыі, якія прапануюць дзецям заняткі ў разнастайных гуртках і студыях. Іх работа арганізавана такім чынам, што педагогі самастойна забіраюць і вяртаюць школьнікаў у групы падоўжанага дня. Гэта таксама зручна і бяспечна.

Асабліва трапятліва дзяўчаткі аднесліся да знешніх атрыбутаў сапраўдных першакласніц. Прыгажунькі разам з дарослымі выбіралі форму і партфелі, напаўнялі іх канцылярыяй. Як і кожная шматдзетная, сям’я Машара атрымала аднаразовую выплату да школы. Згодна з заканадаўствам, яе памер сёлета складае без малога 160 рублёў на кожнае дзіця. Дарэчы, матэрыяльную дапамогу і муж, і жонка атрымалі таксама па месцы працы, згодна з калектыўнымі дагаворамі. Бацькі ўдзячныя дзяржаве за фінансавую дапамогу, бо выдаткі на зборы ў краіну ведаў адчувальныя для сямейнага бюджэту.

Дзяцей жа не павінны турбаваць дарослыя пытанні. Дзяўчынкі з радасцю мераюць абноўкі, з нецярпеннем чакаюць дня, калі сядуць у іх за парты, стануць сапраўднымі школьніцамі. Але яшчэ плануюць браць з сабою любімыя цацкі. Узрост такі, калі хочацца пагуляць і пабыць малымі.

— Наша настаўніца праводзіць цікавыя ўрокі, мы ўжо ўмеем чытаць і лічыць, — наўзахваткі гавораць Ангеліна і Васіліса. — Школа — гэта весела, нам хочацца быць у ёй самымі лепшымі вучаніцамі.

Няхай чаканні дзяўчынак спраўдзяцца, а школа і сям’я разам, дружна спрацуюць на тое, каб шлях па дарозе ведаў сённяшніх вучняў быў насычаным і радасным, каб маленькія грамадзяне Беларусі раслі разумнымі, адукаванымі, выхаванымі і здаровымі!

Святлана ЯКАЎЛЕВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю