Новы разведвальны БПЛА «Втолодрон» распрацавалі ў Дзяржкамваенпраме, паведамляе БелТА са спасылкай на камітэт.
Віцебскае ААТ «Канструктарскае бюро «Дысплей» у ініцыятыўным парадку распрацавала новы беспілотнік самалётнага тыпу з вертыкальным узлётам і пасадкай (VTOL), які прызначаны для вядзення паветранай разведкі, вымярэння далёкасці да аб’ектаў і высокадакладнага вызначэння іх геаграфічных каардынатаў.
Дзякуючы схеме VTOL, апарат спалучае ў сабе хуткасць самалёта і зручнасць квадракоптара — яму не патрэбныя ўзлётная паласа або катапульта. Максімальная хуткасць БПЛА дасягае 120 км/г (крэйсерская — 75-100 км/г), а працягласць палёту складае не менш за 90 хвілін. Канструкцыя борта дазваляе несці карысную нагрузку (мэтавае абсталяванне) вагой да 10 кг. Устойлівая сувязь і кіраванне забяспечваюцца на адлегласці не менш за 50 км. Акрамя таго, БПЛА эфектыўна выконвае задачы днём і ноччу, у тым ліку ў экстрэмальных кліматычных умовах (дыяпазон рабочых тэмператур ад мінус 35 да 50 градусаў цяпла).