Top.Mail.Ru

Новы шматпрофільны комплекс для катання і заняткаў спортам падарыў Светлагорску Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі

Адкрыццё скейт-ролер парку, як і ўрачыстую цырымонію адкрыцця фестывалю «Вытокі», упрыгожылі сваім майстэрствам лепшыя ролерысты, скейтбардысты і брэйкдансеры з Беларусі, Расіі і Амана.



Прэзідэнт НАК Віктар Лукашэнка, старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, старшыня Светлагорскага райвыканкама Дзмітрый Шабетнік перарэзалі сімвалічную стужачку для адкрыцця комплексу. «Ужо некалькі гарадоў мы прайшлі менавіта з гэтым падарункам. Вы ведаеце, чым маладзейшы горад, чым больш маладога насельніцтва, тым больш ён запатрабаваны, — адзначыў прэзідэнт НАК Віктар Лукашэнка. — І Светлагорск — малады горад, тут шмат моладзі. Вы самі бачыце, якую цікавасць яшчэ да адкрыцця ён выклікаў. Моладзі трэба рабіць нешта такое, што было б ёй цікава. Яна — гэта наша будучыня». 

Фестываль «Вытокі», па словах Віктара Лукашенкі, ужо ў шосты раз вандруе па розных кутках Беларусі. Яго галоўная місія — выхаваць у падрастаючага пакалення любоў да спорту, культуры, мастацтва, да сваёй радзімы і, безумоўна, да ўласных вытокаў. Сістэма «адзін год — адзін горад», абраная для фестывалю, апраўдала сябе, падзяліўся Віктар Лукашэнка. Гэта акумуляванне сродкаў, часу і сіл дапамагае мерапрыемству не згубіцца сярод мноства іншых летніх свят.


Дарэчы, Гомельская вобласць вядомая сваімі дасягненнямі ў спорце, падкрэсліў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко: «Таму стаіць задача рэканструяваць і будаваць спартыўныя збудаванні не толькі ў такіх вялікіх гарадах, як Гомель, Мазыр, Жлобін, але і ў невялікіх раённых цэнтрах, каб даступнасць да спорту была для ўсіх катэгорый насельніцтва і для моладзі ў тым ліку».

Выбіраючы горад для правядзення свята, падкрэсліў Віктар Лукашэнка, арганізатары раяцца з кіраўніцтвам вобласці. Аднак найважнейшым ён назваў жаданне саміх людзей, каб гэтае мерапрыемства адбылося.

Прэзідэнт НАК таксама адзначыў, што «Вытокі» становяцца ўсё шырэй і папулярней. «Фестываль становіцца — не пабаюся гэтага слова — не проста рэспубліканскім, а міжнародным. Пра яго ўжо добра ведаюць у Расіі. І зараз, упэўнены, пра яго даведаюцца і ў Амане».

Аміна НАЗАРАВА 
Фота БелТА 


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю