Стадыён «Каралін» пры Ельскай раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе адкрылі 30 чэрвеня ў райцэнтры, перадае БелТА.
Новы гарадскі стадыён дазволіць адточваць майстэрства адразу ў некалькіх відах спорту: лёгкая атлетыка, футбол, валейбол, баскетбол, хакей. Для аматараў актыўнага адпачынку на стадыёне ёсць трэнажоры і гімнастычная пляцоўка. Выпрабаваць сілу і спрыт змогуць і самыя маленькія спартсмены. А разыначкай стадыёна стала прафесійнае футбольнае поле з трыбунамі на амаль 200 месцаў. Аб’ект, які адкрыўся, стане дамашняй арэнай футбольнай каманды «Ельск», якая прымае ўдзел у чэмпіянаце Беларусі па футболе сярод мужчынскіх каманд другой лігі.
Як было адзначана, новы стадыён створаны пры падтрымцы аблвыканкама, Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» і, вядома ж, дзякуючы дасягненням юных спартсменаў раёна: лёгкаатлетаў, дзюдаістаў, футбалістаў, тэнісістаў. Бо прадстаўнікі раёна на працягу апошніх гадоў неаднаразова станавіліся прызёрамі і пераможцамі абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў у розных відах спорту.
Як звярнуў увагу старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, важны сацыяльны аб’ект адкрываецца напярэдадні знакавых дат — Дня Незалежнасці Беларусі і 81-й гадавіны вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. «Сёння Беларусь — суверэнная дзяржава, моцная краіна. Здаровая, актыўная, энергічная нацыя. І развіццё спорту і фізічнай культуры — не проста задача, а важнейшы дзяржаўны прыярытэт», — падкрэсліў кіраўнік рэгіёну.


Ён адзначыў, што ў Гомельскай вобласці праводзіцца сур’ёзная сістэмная работа па ўмацаванні спартыўнай інфраструктуры і за апошнія гады адкрыты многія аб’екты ў самых розных кутках вобласці. «Адкрыццё стадыёна ў Ельску — падзея не толькі для раённага цэнтра, але і для ўсяго раёна. Тут працуе дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. І вынікі ўражваюць, таму што тыя спартсмены, якія атрымалі тут асновы, уваходзяць у нацыянальныя зборныя», — зрабіў акцэнт старшыня аблвыканкама.
«Мы спадзяёмся, што тут будуць загарацца новыя зорачкі ў галіне спорту, якія будуць услаўляць не толькі Ельск, не толькі Гомельскую вобласць, але і нашу родную Рэспубліку Беларусь», — дадаў Іван Крупко.
Як расказаў дырэктар дзяржаўнай вучэбна-спартыўнай установы Аляксей Сіўчук, у спартыўнай школе культывуюцца 5 відаў спорту: дзюдо, лёгкая атлетыка, самба, настольны тэніс, футбол. Займаюцца тут 354 спартсмены-навучэнцы.
Фота: БелТА