Новы цэлюлозна-кардонны камбінат пабудуюць у Беларусі. Пра гэта паведаміў міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік падчас рабочай паездкі ў Магілёў па пытаннях ліквідацыі наступстваў стыхіі, паведамляе БелТА.
Як адзначыў Аляксандр Кулік, у краіне ёсць празмернасць нізкатаварнай драўніны. «Пытанне рэалізацыі дроў і нізкатаварнай драўніны трэба вырашаць глабальна. І гэта можна зрабіць толькі шляхам будаўніцтва яшчэ аднаго вялікага дрэваапрацоўчага прадпрыемства тыпу Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната. Урад гэтай тэмай цяпер шчыльна займаецца, — расказаў ён. — І такі камбінат будзе пабудаваны».
Міністр адзначыў, што і з пляцоўкай пад новыя магутнасці ўжо практычна вызначыліся. «Кожная вобласць хацела б даць сваю пляцоўку, бо гэта працоўныя месцы, інфраструктура. Было прапанавана будаваць вытворчасць на поўначы Магілёўскай вобласці або на мяжы гэтага рэгіёна і Віцебскай вобласці — тут засяроджаны рэсурс, які цяпер не запатрабаваны: алешына, бяроза. Калі, напрыклад, у Гомельскай вобласці ўжо шмат дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, у тым ліку Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат», — сказаў Аляксандр Кулік.

Папярэдне, прадпрыемства з’явіцца ў Дуброўне Віцебскай вобласці. Ствараць яго плануюць з прыцягненнем замежнага капіталу і, прыблізна, на працягу пяці гадоў. «Гэта будзе сур’ёзны цэлюлозна-кардонны камбінат, якіх адзінкі — не ў кожнай краіне такое ёсць, — звярнуў увагу міністр. — Тым больш рэсурс у рэспубліцы ёсць дзякуючы мудраму дзяржаўнаму падыходу да вядзення лясной гаспадаркі і кантролю з боку Прэзідэнта за яго выкарыстаннем. Наш багаты вопыт вядзення лясной гаспадаркі пераймаюць суседнія краіны».
З’яўленне такога прадпрыемства — яшчэ адзін этап у развіцці дрэваапрацоўкі. «Можна з упэўненасцю сказаць, што ў свой час дзякуючы будаўніцтву ААТ „Івацэвічыдрэў“, ААТ „Мастадрэў“ была створана абсалютна новая галіна. Прадукцыя гэтых прадпрыемстваў максімальна запатрабаваная, і нават ва ўмовах санкцый карыстаецца вялікім попытам», — адзначыў міністр.