Днямі віцябчанка Паліна Дубавая звярнула ўвагу на невядомую ў нашай краіне птушку каля гандлёвага цэнтра. Аказалася, што гэта белаваллёвы дрозд (Turdus torquatus, белозобый дрозд) — від, які раней не адзначаўся ў нашай краіне. На жаль, птушка разбілася аб шкляны будынак. Аб гэтым паведаміў тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».
Белаваллёвыя дразды гняздуюцца ў горных раёнах Скандынавіі, а на поўдзень на зімоўку штогод мігрыруюць праз Беларусь. Так думалі арнітолагі, і гэтая знаходка пацвердзіла гіпотэзу.
Знешне белаваллёвы дрозд вельмі падобны на звычайнага ў нас чорнага дразда. Калі ярка-чорны самец добра адрозніваецца ад чорнага дразда белай плямай на грудзях, то маладыя птушкі і самкі амаль не адрозніваюцца ад самак і маладых чорнага. Асабліва цяжка іх адрозніць у полі.
Гэта будзе 344-ы від у беларускім спісе птушак.
Паведамляецца таксама, што некалькі дзён таму ў Бельгіі вельмі рэдкая ў Еўропе каральковая пячураўка (корольковая пеночка) разбілася аб шкляное акно будынка. Аб шыбы і пластыкавыя агароджы ўздож аўтатрас толькі ў Беларусі падчас міграцыі забіваюцца сотні тысяч птушак штогод. Сярод іх ёсць і рэдкія, і новыя для краіны віды. Каля некаторых будынкаў дворнікі амаль штодзень змятаюць мёртвых птушак з асфальту ў сметнік.