Top.Mail.Ru

Новых маладзёжных паслоў Мэт устойлівага развіцця прадставілі ў Мінску

У аўторак, 16 снежня, адбылася цырымонія прысваення звання маладзёжных паслоў Мэт устойлівага развіцця пераможцам конкурсу «Маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця — будучыня планеты ў нашых руках» 5-га склікання.

У ёй сёлета прынялі ўдзел каля 100 чалавек — лідары, прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі. Карэспандэнт «Звязды» даведалася падрабязнасці.

Намеснік Старшыні Савета Рэспублікі, нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця Уладзіслаў ТАТАРЫНОВІЧ адзначыў, што Беларусь з’яўляецца паслядоўным прыхільнікам ідэй і прынцыпаў, якія закладзены ў парадак дня ААН па дасягненні Мэт устойлівага развіцця на перыяд да 2030 года. «Сённяшняе мерапрыемства — гэта яшчэ адна магчымасць паказаць, у прынцыпе, як у нас выбудаваны нацыянальны механізм рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця», — сказаў Уладзіслаў Татарыновіч.

  • Па яго словах, матываваныя, адукаваныя і актыўныя маладыя людзі з’яўляюцца залогам паспяховага развіцця любой дзяржавы, яе стратэгічным рэсурсам: «Прадстаўнікі беларускай моладзі праяўляюць актыўнасць ва ўсіх сферах жыцця грамадства, уносяць істотны ўклад у нарошчванне эканамічнага патэнцыялу нашай краіны, павышэнне яе палітычнага аўтарытэту, адстойваюць гонар Радзімы на міжнародных спартыўных спаборніцтвах і культурных конкурсах, распрацоўваюць навуковыя праекты і ўдзельнічаюць у сацыяльна значных ініцыятывах. Да такіх прадстаўнікоў адносяцца маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця, якіх мы сёння прысвячаем у гэты статус», — дадаў намеснік Старшыні Савета Рэспублікі.

Студэнт эканамічнага факультэта БДУ Яўген Талочка прадстаўляе Мэту № 2 — «Ліквідацыя голаду». Сваёй галоўнай задачай малады чалавек лічыць прыцягненне актыўнай моладзі, якая зацікаўлена ў вырашэнні гэтага хвалюючага пытання. «Мэта № 2, як і астатнія іншыя, важная для нас усіх. Сумеснымі намаганнямі шмат чаго можна дасягнуць!» — запэўніў маладзёжны пасол Мэт устойлівага развіцця.

Студэнт БДУТ Сцяпан Молчан выбраны маладзёжным паслом Мэты № 11 — «Устойлівыя гарады і населеныя пункты». Малады чалавек з дзяцінства марыў звязаць сваё жыццё з транспартам. Цікавасць да гэтай галіны эканомікі натхніла юнака на ідэі, як зрабіць яе яшчэ больш камфортнай. «Інфраструктура ў нашай краіне, на мой погляд, развіта вельмі добра. Але ж устойлівы горад — не толькі інфраструктура, але і людзі, якія ў ім пражываюць. Дапамога пажылому чалавеку, напрыклад, у набыцці квітка на электрычку ў тэрмінале. Я прапаноўваў канцэпцыю, якая дапаможа аб’яднаць людзей, іх намаганні для больш камфортнага жыцця».

На кожную з 17 Мэт устойлівага развіцця быў выбраны свой пасол і дублёр. Сафія Васількова ўзначальвае Мэту № 16 — «Свет, правасуддзе і эфектыўныя інстытуты». «Я планую ажыццявіць канцэпцыю, якую абараняла на вочным этапе адбору на конкурс. Закранаючы тэмы прававой асветы, асабліва ў маладзёжным асяроддзі, мне хацелася б прыўнесці ідэю „Роўны навучае роўнага“. Мы праводзім дыялогавыя пляцоўкі, планую яшчэ адукацыйную дзелавую гульню сярод студэнтаў ВНУ нашай краіны», — падзялілася планамі дзяўчына.

Яна ВАЛАСАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю