Як у Беларусі плануецца развіваць індустрыю гасціннасці, расказаў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый Марозаў, паведамляе БелТА.
Дзмітрый Марозаў адзначыў, што кожны год у рэспубліцы праводзяцца маркетынгавыя даследаванні па розных відах турызму. Яны практыка-арыентаваныя і даюць падказкі, у якім напрамку рухацца. У папярэднія гады вывучалася роля сядзібных паркаў, аб’ектаў, звязаных з месцамі памяці, экалагічнага, прамысловага турызму. У гэтым годзе акцэнт зроблены на гастраноміі — вывучэнні рэцэптаў, уласцівых беларускай культуры ў розных галінах краіны.
«Часта падарожнікі хочуць пакаштаваць рэгіянальныя, лакальныя стравы, звязаныя з канкрэтнай тэрыторыяй, — адзначыў Дзмітрый Марозаў. — Даследаванне якраз заклікана выпрацаваць рэкамендацыі для такіх базавых сэтаў (меню для ўсіх рэгіёнаў рэспублікі, абапіраючыся на традыцыі і магчымасці), каб гаспадар кафэ, рэстарана, аграсядзібы, любога аб’екта грамадскага харчавання мог імі карыстацца».
Беларуская кухня — не толькі дранікі, але і бабка, ведзьмакі, іншыя стравы з бульбы, арыгінальныя дэсерты, у прыватнасці банкуха (шматслаёвы вясельны торт).
Таксама Дзмітрый Марозаў расказаў, што цяпер вядзецца работа над праектам дзяржаўнай праграмы «Беларусь гасцінная» на наступную пяцігодку — комплексным дакументам, куды будуць уключаны прапановы ад кожнага рэгіёну па развіццю інфраструктуры там, дзе ёсць турыстычны паток.
Дзмітрый Марозаў, у прыватнасці, згадаў Мір і Нясвіж, вядомыя далёка за межамі краіны дзякуючы багатай архітэктурнай спадчыне. Ставіцца задача затрымаць тут турыстаў, прадаставіць варыянты адпачынку, каб яны даўжэй заставаліся ў гэтых раёнах. Так, у замкавым комплексе «Мір» выношваюць планы па рэстаўрацыі палаца Святаполк-Мірскіх, фундамент якога быў знойдзены на яго тэрыторыі некалькі гадоў таму. Частку будынка зойме музей, другая частка будзе адведзена пад міні-гасцініцу. У Нясвіжы бачаць вялікія перспектывы ў развіцці парка «Альба», летняй дачы Радзівілаў.
«Вельмі добрая практыка, як у палацы Булгакаў у Жылічах, у палацы Пуслоўскіх у Косава, калі апроч экспазіцыі прадугледжваюцца стыльныя аб’екты харчавання, размяшчэння. Яе можна маштабаваць і прымяняць у іншых рэгіёнах», — адзначыў Дзмітрый Марозаў.