Падрабязнасці кадравага дня ў Палацы Незалежнасці
Падрабязнасці кадравага дня ў Палацы Незалежнасці
На новыя пасады прэтэндавалі 25 чалавек. 11 з іх асабіста атрымалі наказ на далейшую службу і працу ад Прэзідэнта. 14 кандыдатаў былі прызначаны на пасады ў рабочым парадку. Прызначэнні закранулі Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі, Нацыянальную акадэмію навук, дапламатычны корпус краіны. Новыя кіраўнікі — у мясцовых выканаўчых і распарадчых органах, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Шэраг прызначаных будуць працаваць у рэспубліканскіх органах дзяржаўнага кіравання і міждзяржаўных органах.
«Мы павінны рыхтаваць па-сапраўднаму афіцэрскі склад»
Першым намеснікам дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь прызначаны Аляксандр Невяроўскі, які дагэтуль з’яўляўся намеснікам дзяржсакратара. Пасаду намесніка дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі займае Андрэй Гарбаценка, ранейшы начальнік Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.
«Перыяд няпросты, калі вы становіцеся аднымі з кіраўнікоў ваенных ведамстваў або Узброеных Сіл Беларусі, — звяртаючыся да генералаў, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Няпросты не таму, што тут нас акружаюць рознага кшталту прахіндзеі ад палітыкі і ў ваенных адносінах нашы праціўнікі, калі не сказаць больш жорстка. Вы ведаеце, праверка, якая арганізавана ў апошні час нашай арміі (ды і не толькі арміі, усіх Узброеных Сіл), будзе працягвацца. Гэта прыклад, як мы будзем дзейнічаць далей. У бліжэйшы час мы падвядзём вынікі. І вось тут для вас вельмі сур’ёзны час».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Аляксандр Невяроўскі прымаў непасрэдны ўдзел у праверцы Узброеных Сіл, а таму бачыў на свае вочы. На думку Прэзідэнта, не ў баку ад гэтага мерапрыемства быў і Андрэй Гарбаценка.
«Самая галоўная выснова, якую мы павінны зрабіць з гэтай праверкі (я ўжо нядаўна абазначыў): мы павінны рыхтаваць па-сапраўднаму афіцэрскі склад, — акцэнтаваў увагу Галоўнакамандуючы. — Гэта ўжо ваша цяперашняя задача. Ды і яна будзе перад вамі стаяць заўсёды. З гэтым прыцэлам я і вырашыў вас прызначыць намеснікамі дзяржаўнага сакратара. Каб мы бачылі гэту галоўную праблему. Давайце шчыра гаварыць (вы людзі ваенныя): ідэальных ваеннаслужачых не будзе. Нават у ваенны час».
Па словах беларускага лідара, гэта бачна па спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне: як з аднаго, так і другога боку. Прэзідэнт удакладніў, што гэта не толькі яго асабістая выснова.
«Людзі будуць розныя: і добра падрыхтаваныя, і менш падрыхтаваныя, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Але я загадзя папярэджваю ўсіх: хто будзе добра падрыхтаваны да вайны, той будзе жыць. Хто цяп-ляп — той жыць не будзе. Галоўнае — гэта афіцэр. Камандзір узвода, роты і гэтак далей. Калі ён будзе падрыхтаваны, ён захавае сваіх падначаленых і на полі бою».
Тое, да чаго ваеннаслужачыя, па словах кіраўніка дзяржавы, не дацягваюць у сілу сваёй расхлябанасці, будзе праяўлена на вайне, у баі. «І тут афіцэр (тое, чаго яны не разумелі на грамадзянцы) у ваенны час павінен падказаць ім, як дзейнічаць, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Сказаць, што ў нас ідэальна ў гэтых адносінах, — не. І гэта вашы недапрацоўкі. Таму ў новай пасадзе вы жорстка павінны кантраляваць падрыхтоўку нашых ваеннаслужачых. Не толькі ў часцях Узброеных Сіл, але і ў акадэміі (Ваеннай акадэміі. — „Зв.“)».
«Без навукі няма развіцця»
Першым намеснікам старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прызначаны Віталь Залескі (ранейшая пасада — дырэктар Фізіка-тэхнічнага інстытута НАН Беларусі. Пасаду намесніка старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук займае цяпер Аляксей Труханаў (дагэтуль акадэмік-сакратар Аддзялення хіміі і навук аб Зямлі НАН Беларусі).
«Гаварыць аб навуцы не стану, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Вельмі многае сказана. Без навукі няма развіцця. Што датычыцца нашай навукі, я не скажу, што мы тут загніваем. Але таго, што дае нам навука, асабліва для прыкладных кірункаў, вельмі недастаткова. Вы гэта цудоўна ведаеце. Тое, што нам трэба страсянуць Акадэмію навук, — гэта факт. Я таксама аб гэтым гаварыў».
Для гэтага, па словах Прэзідэнта, у Акадэмію навук і накіраваны чалавек адносна малады, дзейны, які разумее, што ад яго патрабуецца. «Але адзін у полі не воін, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Яму (Уладзіміру Караніку, старшыні Прэзідыума НАН Беларусі. — „Зв.“) была пастаўлена задача — знайсці такіх, як вы: маладых, але вопытных хлопцаў, на якіх можна абаперціся. Разам — і наперад».
«Я вельмі хачу, каб быў вынік»
Кадравыя змяненні — і ў дыпламатычным корпусе краіны. Ігар Фісенка прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Славацкай Рэспубліцы, Юрый Нікалайчык — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Зімбабвэ.
«Зімбабвэ — гэта не геаграфічна, а па-філасофску — уваход, вароты ў Афрыку, — канстатаваў Прэзідэнт. — Чаму? Так склалася, што мы з імі больш за ўсё працуем. І ў нас там ёсць добры вынік. І галоўнае, што Прэзідэнт Мнангагва, які карыстаецца аўтарытэтам у Афрыцы, — гэта самы лепшы наш прапагандыст і агітатар. Яго чуюць, слухаюць усе прэзідэнты, і ён гаворыць прама: «Беларусы нас выратавалі».
Аляксандр Лукашэнка канкрэтызаваў, што аб забеспячэнні харчовай бяспекі ў гэтай афрыканскай краіне яго зімбабвійскі калега гаварыў і падчас сустрэчы з іншымі прэзідэнтамі, у прысутнасці беларускага лідара.
«Мы ім дапамаглі проста атрымаць неабходны ўраджай збожжавых (хаця гэта, напэўна, яшчэ палова таго, што можна), і яны забяспечылі сябе харчаваннем, — расказаў кіраўнік дзяржавы. — І так пакрысе і ў ахове здароўя, і ў адукацыі, і па іншых кірунках рухаемся. Яны закупляюць нашу тэхніку, мы навучаем гэтых хлопцаў, як на ёй працаваць. Вучым тэхналогіям, перадаём гэтыя тэхналогіі. І яны гэта расказваюць па ўсёй Афрыцы. З такога пункту гледжання для нас гэта вароты».
Прэзідэнт заўважыў, што побач з Зімбабвэ знаходзіцца Мазамбік, дзе таксама вельмі хочуць, каб беларусы ім дапамаглі. «А нам гэта выгадна, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта ўзбярэжжа. Там ёсць порты, якія трэба ў парадак прывесці. Зімбабвэ не мае, як і мы, выхаду да мора, але праз Мазамбік мы запраста можам пастаўляць свае тавары ва ўсю Паўднёвую Афрыку, а, можа, і далей. Таму гэта вельмі важная краіна».
Па словах кіраўніка дзяржавы, новы пасол Беларусі ў Зімбабвэ павінен дакладна разумець, што там трэба будзе ўпірацца і даваць вынік. «Калі гэтага выніку не будзе (а я адсюль падштурхоўваю нашых прадпрымальнікаў, каб яны ехалі і працавалі: як прыватнікі, так і кіраўнікі дзяржпрадпрыемстваў), яны адразу ж мне скажуць, што пасол не той. Таму я вельмі хачу, каб там быў вынік», — арыентаваў беларускі лідар дыпламата на далейшую работу.
Гаворачы аб Славакіі, куды ў бліжэйшы час будзе накіраваны Ігар Фісенка, Прэзідэнт адзначыў, што гэта сяброўская для нас краіна. «Маюць сваё слова, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы адпаведна да іх павінны адносіцца па-чалавечы. З прэм’ерам Славакіі (Робертам Фіца. — „Зв.“), кіраўніком фактычна Славацкай Рэспублікі, у мяне добрыя адносіны. У Кітаі сустракаліся з ім, абмяркоўвалі многія праблемы. Свядомы чалавек, які вельмі перажывае за сваю краіну, і не забыўся, адкуль яго карані».
Звяртаючыся да новага рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Анастасіі Каласоўскай, Прэзідэнт заўважыў, што здзівіўся кандыдатуры на гэту пасаду.
«Архітэктар, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Як мы раней цябе не ўбачылі. Але падумаў аб тым, калі парадак навядзеш у гэтай акадэміі, то нам па некаторых кірунках і чалавека шукаць не трэба. Архітэктар, у культуры — я гэта вітаю заўсёды. У той жа час разумее, як гэта там працаваць у згаданай ВНУ. І вопыт у гэтых адносінах ёсць (дагэтуль з’яўлялася прарэктарам па вучэбнай рабоце дадзенай ВНУ. — „Зв.“)».
Прэзідэнт перакананы, што ў перспектыве ад гэтага прызначэння можна атрымаць добры вынік. «Толькі каб там па-сапраўднаму, зыходзячы з вопыту прарэктарскай работы, кіравала гэтым калектывам, — даў наказ кіраўнік дзяржавы Анастасіі Каласоўскай. — Ведаеш, ён няпросты. Усе творцы, як архітэктары. Усе ўсё разумеюць, усё ведаюць. Гэта ў нас так у Міністэрстве замежных спраў і ў культуры. Толькі трэба разумець, што ёсць яшчэ жыццё, якое нас часта карэкціруе. І ў мастацтве, і ў творчасці, і ў замежных справах».
«Калі мы празяваем, сельская гаспадарка апусціцца»
Новыя кіраўнікі — і ў мясцовых выканаўчых і распарадчых органах. Сяргей Жыдзецкі прызначаны старшынёй Столінскага райвыканкама, Сяргей Зубель — старшынёй Лагойскага райвыканкама. Аляксандр Уласавец становіцца старшынёй адміністрацыі Маскоўскага раёна горада Брэста, Мікалай Ефімовіч — старшынёй адміністрацыі Ленінскага раёна горада Брэста.
«Што такое Брэст, мне вам не расказваць, для мяне ён таксама родным калісьці стаў, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Вельмі люблю гэты горад. Можа быць, і менш бываю, чым у іншых. Хаця стараюся не крыўдзіць, наведваю Брэст, буду і сёлета. Таму для мяне вельмі важна, каб Брэст быў прыгожым, у парадку. Мы нямала зрабілі ў свой час для Брэста і трымаем на кантролі (асабліва я) развіццё гэтага горада».
Асобна кіраўнік дзяржавы выказаўся на тэму ранейшых моцных ападкаў і магчымай у гэтай сувязі паводкі. «Калі хтосьці чакае вялікага снегу ў гэтым годзе і вялікай вады, той памыляецца, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Бо там, дзе ёсць снег (і ў нас), ён выпадаў у марозны час. А калі мароз (мінус 30, мінус 20), ён зляжаўся, і як толькі адліга — даў усадку».
Вялікай паводкі, на думку кіраўніка дзяржавы, чакаць не давядзецца. Але снегу выпала нашмат больш, чым у мінулыя гады, таму, па словах Прэзідэнта, ратавальнікі правільна робяць, што рыхтуюцца да магчымай паводкі.
«Сеяць пачнём вельмі рана, і брэстаўчанам таксама да гэтага трэба будзе падключыцца, зыходзячы з тых задач, якія мной пастаўлены былі ў суботу перад мінчанамі (падчас наведвання МКТ у Лагойскім раёне. — «Зв.»), — канстатаваў беларускі лідар. — Гэта ўсіх датычыцца — шэфская дапамога. Без вас, без горада мы абыдземся. Вы пазабіралі з сяла ўсю працоўную сілу фактычна, цяпер трэба дзесьці падключацца і дапамагаць. Гэта трэба рабіць своечасова, бо, калі мы празяваем, сельская гаспадарка апусціцца — заўтра есці не будзе чаго і апрануць таксама, бо там і адзенне мы «вырошчваем».
Прэзідэнт узгадаў сваё нядаўняе наведванне сельгаспрадпрыемства ААТ «Нястанавічы-Агра» ў Лагойскім раёне. Тады кіраўніка дзяржавы папярэдзілі аб планах змяніць старшыню райвыканкама.
Сельгаспрадпрыемству ААТ «Нястанавічы-Агра» Аляксандр Лукашэнка даў станоўчую ацэнку. «Быццам бы нядрэннае, і надоі добрыя, — канкрэтызаваў ён. — І правільна, што з гэтага прадпрыемства бяруць цялят на адкорм кудысьці, для ўзнаўлення цёлачак пакідаюць. Сістэма быццам бы адпрацавана, і кіраўніцтва гаспадаркі разумее, як трэба выбудоўваць. Але, як заўсёды, у нас на сяле ў асобных гаспадарках парадку няма. Нам патрэбны парадак. І сёлета (гэта датычыцца не толькі Лагойска) нам трэба навесці парадак».
Немалаважным, па словах Прэзідэнта, з’яўляецца і кантроль за сельгаспрадпрыемствамі. «Комплекс там (у ААТ „Нястанавічы-Агра“. — „Зв.“) пабудавалі, усё вычысцілі, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Калі трэба, папрасі ў губернатара людзей, ён з прамысловасці дасць. Падмялі, выбудавалі, зрабілі. Кіраўніку (сельгаспрадпрыемства. — „Зв.“) паказаў — распішыся. Распісаўся. Вось так павінна быць. Нікуды не дзенемся. Патрэбны кантроль».
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў гэтых адносінах не рванулі наперад і прыватныя фермерскія гаспадаркі. «Ёсць добрыя фермерскія гаспадаркі, вынік даюць, але парадку такога няма, — канстатаваў беларускі лідар. — Таму гэта агульная бяда».
У чарговы раз Прэзідэнт падкрэсліў, што ўпор будзе рабіцца на развіццё аграгарадкоў. «Там будзем будаваць арэнднае жыллё для таго, каб у вас былі заатэхнікі і ветэрынары, — патлумачыў ён. — Усім, чым можам, мы будзем вам дапамагаць, вас падтрымліваць. Але каб вы не думалі, аграрыі, што мы пастаянна будзем вас, як у народзе кажуць, няньчыць і насіць на руках — гэтага не будзе. Гэта прадпрымальніцтва, гэта бізнес, гэта вытворчасць. Вы павінны самі зарабляць».
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў перагледзець схему выдзялення датацый у сельскай гаспадарцы. «Трэба прыйсці да таго, каб мы, паглядзеўшы за апошні час па кожнай гаспадарцы, колькі мы іх там датавалі, — аддалі кіраўніку і няхай яны пад кантролем старшыняў райвыканкамаў трацяць гэтыя грошы, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — У цэлым, можа, аддаваць ім гэтыя датацыі, за кошт якіх мы падтрымліваем сяло. Няхай яны разбіраюцца».
«Цяпер Саўмін рыхтуе такія прапановы», — праінфармаваў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой.
«Нам трэба думаць, з імі (кіраўнікамі мясцовых органаў улады. — «Зв.») параіцца, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Яны ведаюць лепш і падкажуць».
***
У рабочым парадку ўзгоднены кіраўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю, дыпламатычных прадстаўніцтваў Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, прадстаўнікі нашай краіны ў міждзяржаўных органах.
Максім Аляшкевіч прызначаны намеснікам старшыні Камітэта дзяржкантролю, Анатоль Дарожка — старшынёй Камітэта дзяржкантролю Мінскай вобласці, Аляксей Іглікаў — старшынёй Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці.
Дзмітрый Красоўскі ўзгоднены на пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Аб’яднанай Рэспубліцы Танзанія па сумяшчальніцтве. Аляксей Зубовіч прызначаны намеснікам міністра эканомікі, Яўген Зенчанка — першым намеснікам старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях.
Віталь Каленік становіцца дырэктарам арганізацыйнага дэпартамента Выканаўчага камітэта СНД. Іван Бельчык займае пасаду начальніка Дэпартамента эканомікі і галіновых праграм Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Аляксей Чарналеўскі — начальнікам Дэпартамента прававога забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. Вадзім Дзенісенка прызначаны начальнікам Дэпартамента абароннай прамысловасці і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.
У першага намесніка адказнага сакратара Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі Вольгі Петрашовай працягваецца тэрмін работы на гэтай пасадзе. Аляксандр Маркевіч узгоднены на пасаду намесніка адказнага сакратара — начальніка Апарату Прадстаўніцтва Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі ў Рэспубліцы Беларусь. Сяргей Сташкевіч становіцца намеснікам начальніка Апарату Прадстаўніцтва Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі ў Рэспубліцы Беларусь. Святлана Жвірыдоўская ўзгоднена на пасаду намесніка начальніка галоўнага прававога ўпраўлення Сакратарыята Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.
Даслоўна
«Трэба звярнуць увагу на ўзровень фізічнай падрыхтоўкі, валодання зброяй»
У размове з журналістамі першы намеснік дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Аляксандр НЕВЯРОЎСКІ расказаў аб прамежкавых выніках раптоўнай праверкі боегатоўнасці Узброеных Сіл. «Такія мерапрыемствы даюць магчымасць выявіць недахопы ў падрыхтоўцы ваеннаслужачых, каб у далейшым іх устараніць, — адзначыў ён. — Як сказаў Прэзідэнт, у нас няма ідэальных ваеннаслужачых. Як, дарэчы, няма і ідэальных людзей. Адпаведна, такія праверкі даюць магчымасць выявіць недахопы ў цэлым у арганізацыі ваеннай падрыхтоўкі, фізічнай падрыхтоўкі».
Гаворачы аб неабходнасці павышэння ўзроўню фізпадрыхтоўкі ваеннаслужачых, Аляксандр Невяроўскі заўважыў, што ў школах, сярэдніх навучальных установах, а таксама ў ВНУ ёй не заўсёды ўдзяляецца належная ўвага. Па яго словах, раней бег на 3 — 5 кіламетраў быў нормай, адпаведна, і ў арміі бег на такую адлегласць быў натуральным працэсам.
Намеснік дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Андрэй ГАРБАЦЕНКА падкрэсліў, што фізічная падрыхтоўка з’яўляецца асновай для будучага афіцэра. Будучы начальнікам Ваеннай акадэміі ён скарэкціраваў падрыхтоўку курсантаў. «Быў пашыраны спектр нарматываў, якія яны павінны выконваць, — канкрэтызаваў намеснік дзяржсакратара. — Думаю, што рост узроўню фізічнай падрыхтоўкі не прымусіць сябе чакаць. Мы ведаем праблемы і над гэтым працуем».
Па словах Андрэя Гарбаценкі, у цэлым да афіцэрскага складу прад’яўляюцца асаблівыя патрабаванні. Аб гэтым падчас прызначэнняў гаварыў і кіраўнік дзяржавы. «Гэта людзі, якія пры неабходнасці павінны ўмела кіраваць падначаленымі і зрабіць так, каб мінімізаваць страты на полі бою, — гаворачы аб афіцэрах, удакладніў намеснік дзяржсакратара. — Менавіта таму сёння трэба звярнуць увагу на ўзровень фізічнай падрыхтоўкі, валодання зброяй і іншыя пытанні».
«Для навукі няма неперспектыўных кірункаў»
Па словах першага намесніка старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Віталя ЗАЛЕСКАГА, тэма навукі апошнім часам актыўна абмяркоўваецца ў грамадстве. «І агульнае патрабаванне — навука павінна служыць дзяржаве, прамысловасці, людзям, — падкрэсліў ён. — Гэтага ад яе і чакаюць. Разам з тым Прэзідэнт сказаў, што разумее нашы магчымасці, таму ўсяляк гатовы падтрымліваць на ўзроўні дзяржавы».
Дысцыпліна і парадак, як заўважыў Віталь Залескі, з’яўляюцца актуальнымі і для навуковай сферы. «Для навукі няма неперспектыўных кірункаў, — адзначыў першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі. — Іншае пытанне, што мы не можам вырашыць усе задачы. Тыя кірункі, дзе ёсць напрацоўкі, трэба развіваць больш актыўна. Мы многае можам рабіць для прамысловасці, сельскай гаспадаркі, абароннай сферы. На пэўныя моманты трэба звярнуць увагу, тады вынік будзе больш эфектыўным і якасным. Для гэтага неабходныя яшчэ і пэўныя механізмы — кіраўнічыя і фінансавыя».
«Кіраўнік дзяржавы арыентаваў перш за ўсё на вынік»
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Зімбабвэ Юрый НІКАЛАЙЧЫК канкрэтызаваў, што ёсць чатыры кірункі супрацоўніцтва нашай краіны з Афрыкай, работа па якіх паспяхова вядзецца. Гэта пастаўкі тэхнікі і механізацыя сельскай гаспадаркі, забеспячэнне харчовай бяспекі, адукацыя і ахова здароўя. Дыпламат перакананы, што да іх можна будзе дадаць дадатковыя кампаненты. «Напрыклад, краіны Афрыкі актыўна ўкладваюцца ў новыя тэхналогіі і лічбавізацыю», — адзначыў ён.
Па словах пасла, супрацоўніцтва з Зімбабвэ стала самым паспяховым прыкладам узаемадзеяння Беларусі з краінамі Субсахарскай Афрыкі. Ён падкрэсліў, што наша паспяховае супрацоўніцтва выклікае цікавасць і ў іншых дзяржавах Афрыкі. «Кіраўнік дзяржавы арыентаваў перш за ўсё на вынік і неабходнасць працягваць работу па такіх кірунках, як механізацыя сельскай гаспадаркі, адукацыя, развіваць супрацоўніцтва ў галіне аховы здароўя, рэканструкцыі бальніц, дапамагаць у падрыхтоўцы кадраў, у тым ліку тых людзей, якія будуць працаваць на нашай тэхніцы, — канкрэтызаваў Юрый Нікалайчык. — Гэта ўсё ўжо рэалізуецца, але ёсць перспектыўныя планы, якія замацаваны ў дарожнай карце стратэгічнага партнёрства на 2026—2030 гады».
Па словах Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Славакіі Ігара ФІСЕНКІ, абмежаванні, якія ўвёў Еўрапейскі саюз, накладваюць адбітак на наша супрацоўніцтва з гэтай краінай. «Тым не менш застаюцца галіны, у якіх мы можам працаваць, — дадаў ён. — Ёсць перспектывы супрацоўніцтва ў сферы харчавання і гуманітарнай сферы: ахове здароўя, адукацыі».
Дыпламат звярнуў увагу на тое, што яго прызначэнне на пасаду пасла Беларусі ў Славакіі сведчыць аб тым, што Мінск гатовы адказаць еўрапейскім краінам на працягнутую руку дружбы ўзаемнасцю. «Усяго толькі год таму (не першы раз) да нас прыехаў славацкі пасол Ёзэф Мігаш і пачаў актыўна працаваць, — прывёў прыклад Ігар Фісенка. — Ён вельмі вядомы ў нашай краіне сваёй прынцыповай пазіцыяй. Натуральна, што мы адказваем узаемнасцю і аднаўляем нашу прысутнасць у Браціславе. Вядома, пасля пэўнага перапынку трэба будзе наладзіць работу, паглыбіцца ў тэму эканомікі, палітычных кантактаў».
«Прафесіяналы, якія гатовы перадаць сваё майстэрства новаму пакаленню»
Як адзначыла рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Анастасія КАЛАСОЎСКАЯ, Прэзідэнтам пастаўлена задача — разбудзіць акадэмію. «Для гэтага ёсць кадры — вопытныя прафесіяналы, якія гатовы перадаць сваё майстэрства новаму пакаленню, нашай лепшай моладзі, — праінфармавала яна. — Далейшай стратэгіяй стане кансалідацыя са студыяй „Беларусьфільм“ і ўнутры акадэміі».
Рэктар БДАМ указала на важнасць практыка-арыентаванага навучання. Яна расказала, што сёлета ў навучальнай установе ў тым ліку праходзяць навучанне студэнты, якія пасля выпуску будуць займацца рэжысурай ігравога кіно. «Цяпер яны поўнасцю паглыблены ў працэс вытворчасці фільмаў, — удакладніла Анастасія Каласоўская. — У іх праводзяць заняткі рэжысёр, гукарэжысёр, мультыплікатары — тыя, хто непасрэдна працуе на вытворчасці. Гэта дасць магчымасць зразумець сістэму далейшай работы. Студэнты ўжо бачаць, як яны могуць рэалізаваць веды, набытыя ў акадэміі».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА