Беларускія навукоўцы рыхтуюць шматтомную гісторыю Беларусі з выкарыстаннем новых фактаў, атрыманых у тым ліку дзякуючы археалагічным даследаванням, паведамляе БелТА.
«Мы актыўна працуем. Зрабілі за два гады досыць шмат. Прыцягнулі да працы больш за 140 вядомых навукоўцаў — не толькі з Інстытута гісторыі, але і іншых акадэмічных інстытутаў і ВНУ. Работа вядзецца з прыцягненнем новых матэрыялаў, з новымі ідэямі, поглядамі, інтэрпрэтацыяй падзей. "Гісторыя Беларусі" рыхтуецца ў 10 тамах. Па кожным томе ўжо ёсць канкрэтныя напрацоўкі, тэксты, ілюстрацыі. У шматтомніку будзе адлюстравана наша гісторыя пачынаючы з першапачатковага засялення, з’яўлення людзей на беларускіх землях. Усе новыя матэрыялы, якія здабываюцца падчас археалагічных даследаванняў, выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі тэкстаў, ілюстрацыйнага матэрыялу. Вельмі важная цесная сувязь гісторыкаў і археолагаў: летапіс не заўсёды раскрывае падзеі, дае не ўсе даныя, археалогія яго дапаўняе. Пры падрыхтоўцы другога тома менавіта такія падыходы будуць выкарыстаныя. Калі казаць пра пазнейшыя перыяды, па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, то ўвесь час з’яўляюцца новыя матэрыялы, становяцца даступныя архіўныя дакументы», — сказаў Вадзім Лакіза.
Новыя факты, устаноўленыя дзякуючы даследаванням археолагаў, увойдуць у шматтомнік, у тым ліку па перыядзе першапачатковага асваення тэрыторыі сучаснай Беларусі. «Нам удалося даказаць, што на нашай тэрыторыі першыя людзі з’явіліся каля 400 тыс. гадоў таму. Выяўлена старажытная стаянка каля вёскі Агова Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Без сумнення, гэта ўвойдзе ў кнігу. Новы погляд у нас і на старажытную стаянку Юравічы, вывучэннем якой шмат гадоў займаецца вядомы археолаг Алена Калечыц. Сёлета Алена Генадзьеўна актыўна працуе і над новай кнігай па палеалітычных стаянках каля вёскі Бердыж. Акрамя таго, вельмі важныя і цікавыя матэрыялы з Менкі будуць выкарыстаны для новага чытання гісторыі нашай сталіцы. Як і артэфакты з Мінскага замчышча, сістэматызаваныя і прааналізаваныя пры падрыхтоўцы кнігі па гісторыі самага старажытнага мінскага храма. У верасні да свята горада кніга ўжо будзе выпушчаная Выдавецкім домам «Беларуская навука», — адзначыў дырэктар Інстытута гісторыі.
За апошнія гады навукоўцамі атрыманы новыя даныя пра ўзрост ці першая пісьмовая згадка беларускіх гарадоў. «Напрыклад, Дзятлава сёлета адзначае 475 гадоў — на 50 гадоў "пастарэла" дата першай пісьмовай згадкі горада. 12 верасня на канферэнцыі ў Дзятлаве навукоўцы падзеляцца вынікамі сваіх даследаванняў. Старэй, чым меркавалася, аказаліся і Ушачы. Падчас археалагічных даследаванняў знойдзены матэрыялы, якія пацвярджаюць дакументальныя даныя. Дарэчы, не заўсёды так бывае. Часам у пісьмовых крыніцах указана дата, але археалагічнымі артэфактамі не можам яе пацвердзіць. Значыць, не варта спяшацца з высновамі. Пакідаем месца для новых пошукаў і будучых знаходак», — паведаміў Вадзім Лакіза.
Паводле яго слоў, праходзяць сустрэчы аргкамітэта, спецыялістаў, адказных за пэўны том «Гісторыі Беларусі». У верасні плануецца чарговая сустрэча для таго, каб зверыць гадзіннікі, паглядзець, што зроблена, куды накіраваць ход думак навукоўцаў.