Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) прыступіў да выканання дарожнай карты па рэалізацыі Дэкларацыі аб далейшым развіцці эканамічных працэсаў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза да 2030 года і на перыяд да 2045 года «Еўразійскі эканамічны шлях», якая была зацверджана ў мінулым годзе ў перыяд старшынства Беларусі ў органах ЕАЭС. Аб гэтым паведаміла журналістам віцэ-прэм’ер Беларусі Наталля Пяткевіч па выніках праведзенага 30 студзеня ў Маскве пасяджэння Савета ЕЭК, паведамляе БелТА.
Наталля Пяткевіч нагадала, што ў перыяд беларускага старшынства былі вызначаны асновы для далейшага пашырэння работы ЕАЭС на знешнім контуры. «Сёння мы зацвердзілі пул тых краін, з якімі ЕАЭС пачынае перагаворы па прэферэнцыйным гандлёвым рэжыме, стварэнні зон свабоднага гандлю. Мы зацвердзілі першачарговыя краіны, з якімі пачнуць весці перагаворы: гэта Зімбабвэ, Іарданія, Пакістан і ПАР», — паведаміла яна.
Савет ЕЭК падтрымаў таксама шэраг беларускіх ініцыятыў па зніжэнні або абнуленні ўвазных мытных пошлін на некаторыя сыравінныя тавары. «Якія маюць для нас важнае значэнне з пункту гледжання патаннення пры вытворчасці тых ці іншых беларускіх тавараў, зніжэння іх сабекошту або (датычацца. — Заўв. БелТА) паставак нейкіх тавараў, у якіх ёсць недахоп, альбо якія мы не вырабляем, — патлумачыла віцэ-прэм’ер. — У якасці прыкладу — гэта какава-бабы, какава-тлушчы, какава-масла, што неабходна для нашай «кандытаркі».
Наталля Пяткевіч таксама звярнула ўвагу, што ў ЕАЭС дзейнічае механізм фінансавай падтрымкі кааперацыйных праектаў у прамысловасці. «Сёння было прынята рашэнне аб тым, што гэта праграма будзе распаўсюджана і на праекты ў галіне АПК, што, увогуле, таксама заняло досыць працяглую працэдуру, пакуль узгаднілі ўсе пазіцыі. Але сёння мы гэта рашэнне прынялі», — дадала віцэ-прэм’ер.