Ад сённяшняга дня і па 25 красавіка Мінск будзе цэнтрам прыцягнення для таленавітых танцораў і балетмайстраў Беларусі. Спартыўна-культурны цэнтр Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў прыме V Рэспубліканскі харэаграфічны конкурс «Дэнс-кангрэс». Гэта знакавая падзея для тых, хто сочыць за развіццём дадзенага віду мастацтва, арганізаваная Міністэрствам культуры і БДУКМ. Звычайна конкурс дапамагае адкрываць новыя імёны і выяўляе кірункі, па якіх развіваецца харэаграфічнае мастацтва краіны. Адбор, як і ўзровень удзельнікаў, сур’ёзны, ацэньваць іх майстэрства будзе прафесійнае журы пад старшынствам народнага артыста Беларусі Юрыя Траяна.
У пяты раз конкурс збірае прафесійныя і аматарскія калектывы, а таксама індывідуальных выканаўцаў з усіх куткоў Беларусі. Галоўныя мэты «Дэнс-кангрэсу» застаюцца нязменнымі: падтрымка таленавітай моладзі, павышэнне выканальніцкага майстэрства і стымуляванне творчага абмену паміж кіраўнікамі харэаграфічных калектываў. Асаблівасцю конкурсу ў 2026 годзе з’яўляецца строгае патрабаванне па навізне рэпертуару. Да ўдзелу не дапускаюцца работы, якія ўжо былі паказаны на конкурсе летась. Усе пастаноўкі павінны быць створаны на працягу не больш як трох гадоў. Гэта матывуе ўдзельнікаў прадстаўляць свежыя, крэатыўныя ідэі.
Конкурсная праграма ўключае дзве асноўныя намінацыі: «Сучасны танец» (сола, дуэты, калектывы) і «Беларускі танец: традыцыя і навацыя» (тут могуць выступаць калектывы). «Дэнс-кангрэс» дазваляе прадэманстраваць сваё майстэрства як зусім юным танцорам, так і больш дасведчаным прафесіяналам (да 31 года). Маладыя людзі, якія хочуць атрымаць прафесійную адукацыю ў харэаграфічным кірунку, асабліва пільна прыглядаюцца і рыхтуюцца да гэтага конкурсу: лаўрэаты (сола-выканаўцы і тыя, хто выступае ў дуэтах) маюць права паступаць у БДУКМ без экзаменаў на пэўныя спецыяльнасці. Але ўсім удзельнікам будзе карысна сустрэцца з прафесіяналамі падчас майстар-класаў. Паколькі конкурс — гэта даволі адкрытая творчая прастора, таму чакаюць сёлета гасцей з Казахстана і Расійскай Федэрацыі. Пакажуць сябе і лаўрэаты мінулых гадоў падчас урачыстага адкрыцця.
«Дэнс-кангрэс» — гэта не проста спаборніцтва, а пляцоўка для пошуку новай мовы танца, дзе традыцыі сустракаюцца з наватарствам. Нездарма эпіграфам да конкурсу сталі словы легендарнага танцоўшчыка, вучня Джоржа Баланчына Жака д’Амбуаза: «Танец — гэта твой пульс, біццё твайго сэрца, тваё дыханне. Гэта рытм твайго жыцця...»
Ларыса ЦІМОШЫК