Вось ужо больш за 60 гадоў арганізацыя аб’ядноўвае вакол ідэй гуманізму, патрыятызму і міжкультурнага дыялогу людзей самых розных прафесій і веравызнанняў, але аднолькава не абыякавых да духоўна-маральнага развіцця нашага грамадства.
Дзеля разумення цаны міру
Сёння БФМ — найстарэйшая міратворчая грамадская арганізацыя Беларусі — прадстаўлены ва ўсіх абласцях, раёнах і буйных гарадах нашай краіны. Каля 200 тысяч удзельнікаў і больш за 1 мільён валанцёраў з’яўляюцца прадстаўнікамі 156 народаў і 25 рэлігійных напрамкаў.
У наступным годзе арганізацыя адзначыць 65-годдзе: «Беларускі фонд міру — гэта, у першую чаргу, дабрачынная арганізацыя, якая займаецца рэалізацыяй духоўна-маральных праектаў, што аб’ядноўвалі б людзей і ўмацоўвалі б традыцыі беларускага грамадства, — падкрэсліў старшыня праўлення Мінскага гарадскога аддзялення БФМ Дзмітрый КАРАНЬ. — І выхаваўча-адукацыйны працэс у нашых установах адукацыі таксама ідзе ў духу міратворчасці.

Пры падтрымцы Міністэрства адукацыі з 2021 года па ўсёй краіне рэалізуецца праект «Сетка Школ міру ў Рэспубліцы Беларусь». Гэта сучасная форма пазаўрочнай і пазашкольнай работы ва ўстановах агульнай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дзе выхаваўчая работа будуецца вакол ідэй міратворчасці. Галоўная мэта праекта — выхаванне дзяцей і моладзі ў духу міру, сяброўства, узаемаразумення і павагі да культурных і рэлігійных традыцый народаў, якія пражываюць у Беларусі. Ініцыятыва накіравана на ўмацаванне нацыянальных і сямейных каштоўнасцяў, развіццё патрыятызму, прапаганду здаровага ладу жыцця і кансалідацыю грамадства. Навучэнцы абменьваюцца вопытам, праводзяць сумесныя акцыі і розныя ініцыятывы — урокі мужнасці, сустрэчы з ветэранамі, — добраўпарадкоўваюць воінскія пахаванні, дапамагаюць пажылым, наведваюць бальніцы з дабрачыннымі акцыямі.
Трэба адзначыць: статус «Школа міру» прысвойваецца толькі тым установам, якія праявілі сябе актыўнай дзейнасцю, добрымі вынікамі выхаваўчай работы і поспехамі ў навучанні. На сёння ў Беларусі налічваецца больш за 200 такіх школ, і іх колькасць пастаянна расце. Установы з гэтым статусам удзельнічаюць у рэспубліканскіх ініцыятывах, напрыклад, у акцыі «Нашы дзеці», у рамках якой збіраюцца сродкі і падарункі для дзяцей з сацыяльна неабароненых сем’яў.
«Мір», «дыпламатыя», «сяброўства» і «ўзаемадапамога»
У школах праводзяцца выставы, фестывалі і конкурсы, прысвечаныя патрыятычнаму і маральнаму выхаванню, умацаванню беларускіх нацыянальных традыцый. А 20 верасня, у рамках Тыдня міру, на плошчы каля Свята-Духава кафедральнага сабора ў Мінску адбылася «Лінейка міру», у якой прынялі ўдзел каля 700 юных міратворцаў з 70 устаноў адукацыі сталіцы. Лінейка прайшла пад слоганам «Дзейнічай цяпер у імя Міру!» — дэвізам Міжнароднага дня міру ў 2025 годзе. Летась да ініцыятывы правядзення такіх мерапрыемстваў падключылася ўся краіна: «Бо словы «мір», «дыпламатыя», «сяброўства» і «ўзаемадапамога» павінны не толькі гучаць, але і рэалізоўвацца на практыцы. Каб дзеці разумелі як значэнне гэтых слоў, так і значнасць статусу «Школы міру», — падкрэсліў Дзмітрый Карань.

БФМ рэалізоўвае і шэраг іншых не менш значных і маштабных праектаў. У тым ліку — прысвечаныя дзіцячай творчасці: паэзіі, прозе, жывапісу. На этапе падрыхтоўкі знаходзіцца ўжо трэцяе кніжнае выданне з гэтай серыі — «Шчасце жыць у мірнай краіне». Дзмітрый Карань таксама адзначыў, што ў 2025-м стартаваў праект «Моцныя духам»: «Ён унікальны тым, што ў ім удзельнічаюць дзеці з асаблівасцямі — з пансіянатаў, дамоў дзіцяці і інклюзіўных школ. Яны малююць мір так, як бачаць яго самі. Гэты праект — адначасова і творчы, і адаптацыйны: калі ён будзе завершаны, усе працы збяруць у каталог, які паступіць у школы свету, каб дзеці разумелі і адчувалі псіхалагічную сумяшчальнасць са сваімі аднагодкамі». Важна і тое, што праект «Моцныя духам» падтрымлівае асаблівых дзяцей не толькі эмацыянальна: грошы ад продажу іх карцін, згаданых у кнізе, пойдуць ва ўстановы іх пражывання.
Ужо дзявяты год у сярэдняй школе № 137 г. Мінска імя П. М. Машэрава праводзіцца конкурс «Пётр Машэраў — сын беларускага народа». Першапачаткова ён быў раённы, але нядаўна выйшаў за гэтыя межы. Сёлета намінацыі былі абноўлены, пашыраны творчыя кірункі, звязаныя з літаратурай і асобай Першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі. Напрыклад, з’явіўся квіз па фізіцы — Пётр Міронавіч па прафесіі быў яе настаўнікам. А вось сярэдняя школа № 121 г. Мінска імя М. Ф. Ягорава развівае праект «Урокі міру». Раней на яго аснове адбылося мноства дыялогавых пляцовак з удзелам дзяцей са сталіцы, рэгіёнаў Беларусі і некаторых расійскіх гарадоў, а цяпер было вырашана несці ідэю міратворчасці і расказваць пра Беларусь за яе межамі. На ініцыятыву адбіралася больш за 15 устаноў сярэдняй адукацыі з розных гарадоў. Зараз праект знаходзіцца ў стадыі планавання: педагогі абмяркоўваюць фармат і пачынаюць ужо праводзіць анлайн-урокі. Канцэпцыю «Школ міру» БФМ плануе пашырыць, каб статус маглі атрымаць таксама дзіцячыя сады, каледжы, цэнтры дадатковай адукацыі, а ў перспектыве — і вышэйшыя навучальныя ўстановы, прадпрыемствы.
Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц