З 2022 года ў Беларусі рэалізоўваецца праграма «Адзін раён — адзін праект», ініцыяваная Прэзідэнтам. Яна накіравана на ўмацаванне беларускай эканомікі, а таксама на актывізацыю інвестыцыйнай дзейнасці. Пры рэалізацыі ініцыятыў у рамках гэтай праграмы ў першую чаргу ўлічваецца станоўчы эфект для сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. Падрабязней аб ініцыятывах, якія рэалізоўваюцца на Случчыне, карэспандэнтам «Звязды» расказала намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама па эканоміцы Жанна РУЦКАЯ.
«У 2024 годзе ў рэгіёне ажыццяўлялася рэалізацыя трох інвестыцыйных праектаў па прынцыпе „Адзін раён — адзін праект“. Першы інвестпраект рэалізоўваецца на базе ААТ „Слуцкі сыраробны камбінат“. У яго рамках запланавана стварэнне інавацыйнай вытворчасці па выдзяленні бычынага лактаферыну метадам іонаабменнай храматаграфіі. Кошт названага праекта — 116 мільёнаў рублёў, тэрмін рэалізацыі — 2023 - 2027 гг. Рэалізацыя інвестпраекта забяспечыць стварэнне 20 новых працоўных месцаў».
Лактаферын — шматфункцыянальны бялок, які валодае шырокім наборам біялагічных уласцівасцяў: аказвае антымікробнае, антыаксідантнае, супрацьвіруснае, супрацьзапаленчае, супрацьстрэсавае, супрацьпухліннае і імунастымуляцыйнае, супрацьалергічнае дзеянне. Дзякуючы вышэйзгаданым эфектам лактаферын дадаецца ў дзіцячыя малочныя сумесі, напоі, спецыялізаваныя харчовыя прадукты, у тым ліку прадукты спартыўнага харчавання, касметыку, харчовыя і біялагічна актыўныя дабаўкі.
Праект з’яўляецца імпартазамяшчальным і экспартаарыентаваным (95 % прадукцыі плануецца пастаўляць на рынкі Расійскай Федэрацыі і азіяцкіх краін), а таксама дазволіць Рэспубліцы Беларусь быць першай сярод краін постсавецкай прасторы ў вытворчасці бычынага лактаферыну, забяспечыць больш глыбокую перапрацоўку складовых кампанентаў малака і атрыманне дадатковага прыбытку.
Яшчэ адзін праект сёння рэалізоўваецца на базе ААТ «Слуцкі мясакамбінат». Паводле слоў намесніка старшыні Слуцкага райвыканкама, ён уяўляе сабой інавацыйны працэс вытворчасці мясных буйнакавалкавых паўфабрыкатаў з палепшанымі спажывецкімі характарыстыкамі з ужываннем тэхналогіі папярэдняга шокавага ахаладжэння. Кошт праекта — 22,1 мільёна рублёў, а тэрмін яго рэалізацыі — 2023–2028 гады. У выніку плануецца мадэрнізаваць 23 працоўныя месцы.
Прымяненне шокавага ахаладжэння мяса забяспечыць захаванне яго якасці і скарачэнне страт усушкі мяса на 22 %, што дазволіць павялічыць выпуск канкурэнтаздольнай імпартазамяшчальнай прадукцыі. Гэта тэхналогія з’яўляецца інавацыйнай, а праект —экспартаарыентаваным. Палепшаныя якасныя паказчыкі прадукцыі дазволяць прадпрыемству асвоіць новыя рынкі збыту (краіны Азіі і Каўказа), а таксама павялічыць пастаўкі на экспарт ва Узбекістан, Казахстан, Расійскую Федэрацыю, Кітай, такім чынам павялічыцца ўдзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі і доля валютнай выручкі.
Рэалізацыя праекта таксама дасць магчымасць стварыць бяспечныя ўмовы працы персаналу падчас абслугоўвання аміячных халадзільных установак, забяспечыць ахову навакольнага асяроддзя, знізіць аміякаёмістасць усёй сістэмы з 55 да 4 тон і расход электрычнай энергіі да 30 %.
«У лістападзе 2024 года завершана рэалізацыя трэцяга праекта па прынцыпе „Адзін раён — адзін праект“. Так, на ААТ „Слуцкі хлебазавод“ закончана рэканструкцыя вытворчага корпуса з устаноўкай хлебапякарнай печы. Фактычны кошт праекта склаў 6,6 мільёна рублёў пры заданні плана 5,8 мільёна. У выніку на прадпрыемстве створана 22 новыя працоўныя месцы. За ўвесь перыяд рэалізацыі праекта асвоена інвестыцый на суму 5,5 мільёна рублёў пры плане 4,8 мільёна, або 114,6 % да плана», — паведаміла Жанна Руцкая, дадаўшы, што асноўная мэта праекта — павышэнне эканамічнай эфектыўнасці дзейнасці прадпрыемства за кошт стварэння новых вытворчых магутнасцяў, што дазволіць павялічыць прадукцыйнасць абсталявання і, як вынік, аб’ём вытворчасці хлебабулачнай прадукцыі.
Таксама ў лютым 2024 года завершаны значны для развіцця сельскагаспадарчага комплексу Слуцкага раёна праект па рэканструкцыі птушкагадоўчага комплексу ААТ «Смалявічы бройлер» коштам 16,6 мільёна рублёў, а ў лістападзе — 2 значныя інвестыцыйныя праекты. «Мы завяршылі ўзвядзенне адміністрацыйна-вытворчага корпуса на базе РУП „Слуцкія паясы“ коштам 15,8 мільёна рублёў, а таксама будаўніцтва буйнога жывёлагадоўчага комплексу ААТ „Слуцкі сыраробны камбінат“ у вёсцы Квасынічы на 2000 галоў. Кошт гэтага праекта склаў 22,9 мільёна рублёў», — падагульніла Жанна Руцкая. Намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама падкрэсліла: на гэтым работы не спыняцца.