Top.Mail.Ru
71

Новыя меры падтрымкі з’явіліся ў работнікаў нафтавай, хімічнай і горнай галін

У Мінску падвялі вынікі работы Беларускага прафсаюза работнікаў хімічнай, горнай і нафтавай галін прамысловасці за 2025 год і абазначылі прыярытэты на 2026-ы. Ключавым вынікам стала пашырэнне гарантый для работнікаў — у Тарыфнае пагадненне ўнесены больш за дзясятак новых норм.


Як адзначыў старшыня Белхімпрафсаюза Андрэй Жук, мінулы год стаў перыядам сістэмнай работы і адчувальных вынікаў. Развіццё сацыяльнага партнёрства, узмацненне юрыдычнай абароны работнікаў, а таксама рэалізацыя ініцыятыў па захаванні гістарычнай памяці і нацыянальных традыцый сталі важнымі кірункамі дзейнасці прафсаюза.

Значным этапам стала падпісанне Дадатковага дагавора да Тарыфнага пагаднення з канцэрнам «Белнафтахім». Дакумент стаў лагічным працягам Генеральнага пагаднення на 2025—2027 гады, заключанага ў студзені мінулага года на З’ездзе ФПБ.

— Каб нормы працавалі на практыцы, спатрэбілася сур’ёзная галіновая прапрацоўка. Сумесна з сацыяльнымі партнёрамі мы дэталёва прааналізавалі кожнае палажэнне, што дало магчымасць замацаваць дадатковыя меры падтрымкі работнікаў, — падкрэсліў Андрэй Жук.

Так, абноўленае Тарыфнае пагадненне істотна зменена: асноўны акцэнт зроблены на практычных механізмах падтрымкі работнікаў і замацаванні кадраў. У прыватнасці, прафсаюз рэкамендаваў уключаць у калектыўныя дагаворы арганізацый наступныя меры: садзейнічанне ў забеспячэнні жыллём маладых спецыялістаў і штомесячныя кампенсацыі за наём жылля для размеркаваных выпускнікоў, аднаразовыя выплаты работнікам запатрабаваных прафесій пры заключэнні доўгатэрміновых кантрактаў, дадатковыя выплаты навучэнцам па мэтавых дагаворах, дадатковыя аплатныя дні ў сувязі з важнымі жыццёвымі падзеямі і іншыя...

Паводле слоў старшыні Белхімпрафсаюза, усе прынятыя рашэнні накіраваны на фарміраванне ўстойлівай сістэмы сацыяльнай абароны і стварэнне прывабных умоў працы.

— Наш галоўны прыярытэт — чалавек працы. Новыя нормы — гэта не фармальныя палажэнні, а рэальныя інструменты падтрымкі, якія дапамогуць замацаваць кадры ў галіне і павысіць якасць жыцця работнікаў, — адзначыў ён.

У Белхімпрафсаюзе падкрэсліваюць, што дасягнутыя вынікі сталі магчымымі дзякуючы канструктыўнаму ўзаемадзеянню з сацыяльнымі партнёрамі. Такая мадэль супрацоўніцтва дае магчымасць не толькі аператыўна рэагаваць на выклікі рынку працы, але і выбудоўваць доўгатэрміновую сістэму гарантый для работнікаў галіны.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю