Шэсць палат павышанай камфортнасці для ветэранаў войнаў і працы адкрыліся ў 10-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска, паведамляе БелТА.
Рэспубліканскі праект «Наша ўвага ветэранам войнаў і працы» рэалізуецца Беларускім фондам міру сумесна з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі не першы год. Паводле слоў старшыні праўлення Беларускага фонду міру Максіма Місько, за гэты перыяд ва ўстановах аховы здароўя па ўсёй краіне добраўпарадкавана больш за 2 тыс. палат для ветэранаў войнаў і працы. «Гэты праект накіраваны на стварэнне камфортных умоў знаходжання для адной з самых паважаных катэгорый грамадзян нашай краіны. Гэта адзін з флагманскіх праектаў Беларускага фонду міру. Мы праводзім яго круглы год на працягу сямі гадоў. У бягучым годзе да 9 Мая завяршаецца рэалізацыя праекта па аснашчэнні палат для ветэранаў войнаў і працы ў Мінску. Гэта будзе першы рэгіён Беларусі, дзе ўсе ўстановы аховы здароўя ахоплены гэтым праектам», — падкрэсліў ён.
Намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 10-й бальніцы Алена Санковіч больш падрабязна расказала аб новых палатах. «У асноўным гэта аднамесныя палаты, толькі адна — двухмесная. Усе пакоі абсталёўваюцца сучаснай бытавой тэхнікай і спецыялізаванай мэбляй, што дазваляе павысіць якасць медыцынскага абслугоўвання і ўзровень камфорту пацыентаў. Тут і халадзільнікі, і тэлевізары, і мікрахвалевыя печы, і асобныя санвузлы з поручнямі для зручнасці перамяшчэння. Дзякуючы шматгадоваму супрацоўніцтву з Беларускім фондам міру ў нас у бальніцы ўсталявана 17 палат для ветэранаў войнаў і працы», — звярнула ўвагу Алена Санковіч.
Паводле слоў намесніка старшыні камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Дзмітрыя Ціханава, на гэты момант пад медыцынскім наглядам знаходзяцца 112 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, 21 інвалід Вялікай Айчыннай вайны, 85 пацыентаў з катэгорыі працаўнікоў тылу, 57 жыхароў блакаднага Ленінграда і абаронцаў. Таксама медыцынскім абслугоўваннем забяспечана больш як 2,3 тыс. чалавек з катэгорыі ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. «Гэтыя катэгорыі знаходзяцца пад асаблівым медыцынскім наглядам: кожны год яны праходзяць дыспансерызацыю і поўны комплекс абследаванняў. Для кожнага ветэрана мы індывідуальна складаем план мерапрыемстваў. Усе неабходныя даследаванні і працэдуры, а таксама тыя, якія жадае прайсці пацыент, праводзяцца ў поўным аб’ёме», — дадаў ён.
У канцы мерапрыемства работнікам 10-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска ўручылі ўзнагароды і каштоўныя падарункі.
Вельмі важна, каб усе атрымлівалі медыцынскае абслугоўванне ў камфортных умовах. Складана недаацаніць добрыя сэрцы і чароўныя рукі ўрачоў, якія робяць сапраўдны цуд. Пра гэта гавораць і самі пацыенты.