Беларусь называюць лёгкімі Еўропы. Паказчык лясістасці — больш за 40 % тэрыторыі. Лясны фонд — амаль 10 мільёнаў гектараў. З такой сыравіннай базай наша краіна — у лідарах па выпуску прадукцыі з драўніны на душу насельніцтва. Маштабная мадэрнізацыя дазволіла падвоіць аб’ёмы перапрацоўкі і пашырыць асартымент да 140 узбуйненых пазіцый. Стратэгічны прыярытэт — тэхналагічны перадзел сыравіны пераважна ўнутры краіны і экспарт вырабаў з высокай дабаўленай вартасцю. Як максімізаваць прыбытак кожнага кубаметра? За кошт чаго канкурыраваць на знешніх рынках і дзе знаходзяцца новыя пункты росту лесапрамысловага комплексу? Гэтыя пытанні абмяркоўвалі эксперты на пляцоўцы тэлеканала «Першы інфармацыйны».
Базавы ўзровень
Дзякуючы развіццю айчынных вытворчых магутнасцяў доля прадукцыі беларускай дрэваапрацоўкі ў магазінах значна павялічылася. Вядома, ёсць пэўны аб’ём замежных піламатэрыялаў, якія пакуль у нашай краіне не вырабляюцца. Аднак у наяўнасці відавочная тэндэнцыя да памяншэння імпартных тавараў.
Базавы ўзровень лесапрамысловага комплексу — гэта лесанарыхтоўка. Аб тым, што ўяўляе сабой сёння сыравінная база, расказаў намеснік міністра лясной гаспадаркі Ігар Малашэвіч:
— За перыяд незалежнасці нашай краіны якасць ляснога фонду істотна павысілася. Калі ў пачатку 1990-х гадоў запас драўніны на 1 гектар лесу складаў каля 180 кубаметраў, сёння гэта ўжо 240-250 кубаметраў. З упэўненасцю можна сказаць, што ўсе нашы спажыўцы цалкам забяспечаны неабходным асартыментам айчыннай драўніны.

Такім чынам, Беларусь мае вялікую сыравінную базу. Аднак вельмі важна забяспечыць глыбокую перапрацоўку лясных рэсурсаў з высокай дабаўленай вартасцю. Гэта прынцыповая пазіцыя кіраўніка дзяржавы. Чым больш тэхналагічных аперацый — тым вышэй дабаўленая вартасць. Па якіх таварных групах дабаўленая вартасць найбольш высокая? І дзе знаходзяцца новыя пункты росту? На гэтыя пытанні адказаў намеснік старшыні канцэрна «Беллеспаперапрам» Сяргей Касьянаў:
— Тут можна вылучыць некалькі асноўных кірункаў у дрэваапрацоўцы. Першы — плітная прадукцыя. Значны імпульс у развіцці гэтага кірунку дала мадэрнізацыя, якая дазволіла выпускаць сучасную плітную прадукцыю — ДСП, ДДФ. Выпуск унутры краіны гэтых пліт, у сваю чаргу, даў штуршок росту беларускіх мэблевых прадпрыемстваў. Цяпер функцыянуе больш за дзве з паловай тысячы такіх прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці, дзе выпускаецца шырокі асартымент мэблі з плітнай прадукцыі і з масіву. Наступны кірунак — цэлюлозна-папяровая прадукцыя. У 2020 годзе быў рэалізаваны інвестыцыйны праект па вытворчасці цэлюлозы. На Добрушскай папяровай фабрыцы створана вытворчасць шматслойнага кардону. Шэраг заводаў асвоіў выпуск санітарна-гігіенічных вырабаў, упакоўкі, паперы. Яшчэ адзін важны кірунак дрэваапрацоўкі — будаўнічы вектар. Сюды адносіцца лесапілаванне з далейшай сушкай, габлёўкай і вытворчасць як струганых будаўнічых матэрыялаў, так і ўжо гатовых драўляных дамоў.
Стратэгіяй максімізацыі дабаўленай вартасці на прыкладзе канкрэтнага прадпрыемства падзяліўся генеральны дырэктар ААТ «Івацэвічдрэў» Аляксандр Ільніцкі:
— Наша задача — продаж пліт і піламатэрыялаў, у першую чаргу, беларускім прадпрыемствам. Краіна павінна экспартаваць не сыравіну і не прамежкавыя прадукты, а тавары з максімальна дабаўленай вартасцю. У прыватнасці, у нас створаны наступны ланцужок: вытворчасць пліт ДСП, ЛДСП і мэблі з іх. Натуральна, максімальны аб’ём прыбытковасці ў разліку на адзін кубаметр сыравіны, што выкарыстоўваецца, мы атрымліваем на мэблі.

Маштаб мае значэнне
У працяг тэмы «рэканструкцыі» лесапрамысловага комплексу ўдакладнім: каля 10-15 гадоў таму ў краіне праводзілася маштабная мадэрнізацыя ключавых прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі. Былі інвесціраваны мільярды рублёў, у тым ліку і пад гарантыі ўрада. Трэба было павялічваць узровень перапрацоўкі ўнутры краіны. Для гэтага было прынята стратэгічнае рашэнне: стварыць новыя вытворчасці і пашырыць дзейныя. На інвестыцыйныя праекты было накіравана каля 4 мільярдаў долараў у эквіваленце. Эфект ад укладанняў ацаніў Сяргей Касьянаў:
— Як ужо было сказана, мы валодаем значным аднаўляльным рэсурсам драўніны. Да мадэрнізацыі не хапала вытворчых магутнасцяў, каб перапрацаваць гэту сыравіну. І нейкі аб’ём экспартаваўся ў неапрацаваным выглядзе. Гэта значыць, тыя ж круглыя лесаматэрыялы прадаваліся за мяжу. Таму першачарговай задачай стала перапрацоўка рэсурсаў унутры краіны і выпуск гатовай прадукцыі як для ўнутранага рынку, так і для экспартавання.
У рамках мадэрнізацыі вырашаліся і сацыяльныя задачы. У кожным рэгіёне было вырашана стварыць новыя і захаваць дзейныя дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы. З тэхналагічнага пункту гледжання мадэрнізацыя дала магчымасць перапрацоўкі ўсёй уласнай сыравіны. Мы фактычна не экспартуем круглыя лесаматэрыялы. Акрамя таго, запушчаны выпуск новых прадуктаў. Глабальная мадэрнізацыя праведзена і на прадпрыемствах цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Сёння на Светлагорскім ЦКК рэалізуецца яшчэ адзін праект па вытворчасці крафт-мяшочнай мікракрэпаванай паперы. Пасля яе запуску, з 2027 года, практычна ўся цэлюлоза, якая выпускаецца, будзе перапрацоўвацца ўнутры краіны.

Такім чынам, асвоены новыя кампетэнцыі. Створаны дадатковыя працоўныя месцы. Мультыплікатыўны эфект ад глабальнай мадэрнізацыі вельмі адчувальны, асабліва ў звязцы з развіццём ляснога комплексу. Вектар руху лясной гаспадаркі вызначыў Ігар Малашэвіч:
— Для будучыні ляснога комплексу вызначальным стаў 2006 год. На памятнай нарадзе, якую праводзіў кіраўнік дзяржавы з усімі зацікаўленымі, закладзена стратэгія
развіцця. Было прынята рашэнне развіваць паглыбленую дрэваапрацоўку. Далей Міністэрства прамысловасці атрымала заданне арганізаваць вытворчасць лесанарыхтоўчых машын — без гэтай тэхнікі мы не справіліся б з усімі прыроднымі выклікамі. А галоўнае — быў спынены экспарт неапрацаванай драўніны, звязаны з высокай цэнавай валацільнасцю на знешніх рынках. Сёння ў лесанарыхтоўшчыкаў ёсць стабільны ўнутраны збыт, што забяспечвае бесперабойную работу лясгасаў.

Быць у трэндзе
Дызайн адыгрывае не апошнюю ролю пры выбары тавару пакупніком. Ці могуць вытворцы беларускай мэблі прэтэндаваць на статус заканадаўца мод у галіне? Меркаванне Сяргея Касьянава:
— Ад сусветных лідараў мы не адстаём. Нашы прадпрыемствы ўдзельнічаюць ва ўсіх мэблевых выстаўках і ідуць у рэчышчы дызайнерскіх трэндаў. Усе модныя сусветныя тэндэнцыі рэалізуюцца ў краіне на працягу аднаго года пасля таго, як той ці іншы трэнд быў заяўлены. Наша мэбля сучасная. Мы фактычна дэманструем узровень італьянскай мэблі.
На думку Аляксандра Ільніцкага, на «Івацэвіч-дрэве» неабходна арганізаваць цэнтр кампетэнцый у сферы мэблевага дызайну. Калі вярнуцца на адзін перадзел назад, да дрэваапрацоўкі, можна канстатаваць: інструментарый для стварэння нязбітых і запатрабаваных мадэляў гасціных, кухняў і пярэдніх пакояў у выглядзе новых прадуктаў для вытворчасці мэблі сфарміраваны. Можна ствараць.
Яшчэ адзін папулярны кірунак развіцця лесапрамысловага комплексу — серыйная вытворчасць драўляных домакамплектаў. Даступная цана і льготнае крэдытаванне — фактары на карысць выбару падобнага праекта. У тонкасці працэсу тыпавога домабудавання пасвяціў Ігар Малашэвіч:
— Працуе 19 гандлёвых пунктаў па ўсёй краіне, дзе можна набыць нашы домакамплекты. Чалавек прыходзіць, выбірае і заказвае прыдатны варыянт. Ёсць чарга, таму дагаворы на вытворчасць домакамплектаў лепш заключаць загадзя. На набыццё домакамплекту можна атрымаць крэдыт да 22,5 тысячы рублёў. Пры гэтым самы просты цыліндраваны дом плошчай 60 квадратных метраў абыдзецца каля 20 тысяч рублёў. Лінейка, вядома, больш шырокая. Ёсць дамы з розных матэрыялаў і рознай плошчы. Тыпавы дом уладкаваны па прынцыпе канструктара. Калі чалавек, як кажуць, з рукамі, можна самастойна яго сабраць.

З улікам абноўленай стратэгіі развіцця галіны і нюансаў геаэканамічнай абстаноўкі змяніліся і экспартныя прыярытэты. Сучасную структуру экспарту прааналізаваў Сяргей Касьянаў:
— Сапраўды, пэўныя абмежаванні прымусілі прадпрыемствы перабудаваць вектары рэалізацыі экспарту прадукцыі. Калі раней каля 40 % экспартнай прадукцыі дрэваапрацоўкі рэалізоўвалася ў Еўрапейскі саюз, то сёння ўвесь гэты аб’ём пераразмеркаваны на іншыя рынкі.
Безумоўна, галоўным рынкам з’яўляецца Расійская Федэрацыя, якая спажывае палову ўсяго экспарту. Іншыя краіны СНД — да 30 %. Далёкая дуга — каля 20 %. Вядома, далёкая дуга менш маржынальная за кошт больш складанай і дарагой лагістыкі. Але калі гэтай работай займацца, можна вызначыць нейкую мяжу эфектыўнасці. Сярод далёкіх партнёраў варта вылучыць КНР, дзе ёсць попыт на пэўныя прадукты, у тым ліку цэлюлозу. Важна, што Кітай гатовы купляць нашу прадукцыю па прапанаваных цэнах. І гэта супрацоўніцтва трэба актывізаваць.
Таццяна ШЧАДРАНОК
Фота БелТА і з адкрытых крыніц