Top.Mail.Ru

Новыя рэаліі сацыяльна-эканамічнага развіцця прадугледжваюць рост рэальнай заработнай платы

Нацыянальны статыстычны камітэт парадаваў: у першым паўгоддзі мы сталі жыць лепш. Намінальная заработная плата ў студзені — чэрвені вырасла на 13,2 % у параўнанні з аналагічным перыядам 2025 года, рэальная (з улікам інфляцыі) — на 7,5 %. Рэальныя наяўныя грашовыя даходы за першае паўгоддзе павялічыліся на 8 %. Пры гэтым інфляцыя знаходзіцца ў прымальным калідоры: у ліпені індэкс спажывецкіх цэн да снежня склаў 103,2 %, да ліпеня мінулага года — 104,4 %. Рост даходаў апярэджвае дынаміку і ВУП, і прадукцыйнасці працы. Класічным з’яўлялася меркаванне, што гэта прыводзіць да дысбалансаў і немінучых наступстваў. Але супрацоўнікі Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі правялі адпаведныя даследаванні. І высветлілася: даходы могуць расці, не ствараючы дысбалансу, паколькі сучасная эканоміка ў сілу шэрагу фактараў становіцца эканомікай дарагой працы. Адпаведна, мяняецца мадэль і ўнутраныя ўзаемасувязі.


Рэальная заработная плата павялічыцца за пяцігоддзе больш як у 1,4 раза пры запланаваным яе росце ў ПСЭР-2025 — у 1,2 раза. Максімальны міжгаліновы разрыў па аплаце працы ў сферы паслуг складае 3,2 раза (паміж сферай адукацыі і ў галіне інфармацыі і сувязі). У вытворчай сферы — 2,4 раза (самыя нізкія даходы ў лёгкай прамысловасці, самыя высокія — у горназдабыўной індустрыі). Лідарамі па заработнай плаце па-ранейшаму з’яўляюцца работнікі сферы інфармацыйных тэхналогій, дзе яе ўзровень у 2,9 раза вышэйшы, як у сярэднім па краіне, а таксама занятыя ў нафтаздабычы (у 2,8 раза) і сектары фінансавых паслуг (больш як у 1,6 раза). Аўтсайдары — работнікі сацыяльна-культурнай сферы, дзе заработная плата ў 1,6 раза ніжэйшая за сярэднерэспубліканскі ўзровень.

Сёння міжгаліновая дыферэнцыяцыя ў аплаце працы застаецца высокай, хоць у параўнанні з узроўнем 2020-га яна знізілася з 5,3 да 3,6 раза ў 2024-м і да 3,5 раза — 
у 2025 годзе. Міжгаліновая дыферэнцыяцыя прадвызначаецца не толькі спецыфікай дзейнасці і працазатрат, але і сістэмай аплаты працы, што прымяняецца. Наяўнасць вялікай колькасці бонусаў і прэміяльных выплат у вытворчым сектары выступае адной з прычын больш нізкай заработнай платы ў сферы паслуг, дзе пераважае занятасць у бюджэтным сектары эканомікі.


— Адным з дысбалансаў сучаснай палітыкі аплаты працы шэраг экспертаў лічаць апераджальны рост рэальнай заработнай платы ў параўнанні з ростам прадукцыйнасці працы, што ўзмацняе рызыку пагаршэння макраэканамічнага дысбалансу, — сцвярджае першы намеснік дырэктара Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі Людміла БАРАВІК. — Менавіта з гэтых пазіцый неабходны апераджальны рост прадукцыйнасці працы адносна рэальнай заработнай платы. Паводле ацэнак міжнародных экспертаў, нармальны ўзровень назапашвання забяспечваецца, калі на кожны працэнт прыросту прадукцыйнасці працы прыпадае 0,7–0,8 % прыросту заработнай платы. Калі заработная плата прырастае больш высокімі тэмпамі за прадукцыйнасць, то абмяжоўваюцца магчымасці вытворчага назапашвання. Доўгае і значнае апярэджанне росту заработнай платы над прадукцыйнасцю пры іншых роўных умовах лічыцца рызыкоўным для эканомікі. У канчатковым выніку гэта вядзе да запаволення працэсаў тэхналагічнага абнаўлення, мадэрнізацыі вытворчасці і стрымлівання эканамічнага росту. У той жа час у адносінах да ўмоў развіцця Беларусі апераджальны рост заработнай платы ў параўнанні з прадукцыйнасцю працы можа мець месца, не прыводзячы да разбалансаванасці эканомікі. Гэта пацвярджаецца практыкай апошніх двух дзесяцігоддзяў, калі на 1-працэнтны пункт прыросту прадукцыйнасці працы рэальная заработная плата прырастала на 2,0-4,0 працэнтныя пункты.


Эксперт адзначае, што ў цэлым сёння ў эканоміках многіх краін прысутнічае прынцып дарагой рабочай сілы. Доля аплаты працы з падаткамі і адлічэннямі ў сацыяльныя фонды ў ВУП Беларусі ў 2024 годзе складала 51,2 % (у 1995-м — 42,8 %). Між тым ужо лічыцца нормай сацыяльнай эканамічнай дастатковасці, калі кошт працы складае 55 % і нават вышэй. Па гэтай парадыгме развіваюцца і нашы суседзі. Таму неабходна сачыць за парытэтам заробкаў беларусаў і перш-наперш расіян. Безумоўна, эканоміка ўсходняга суседа больш магутная і багатая. Расійскія кампаніі могуць дазволіць больш высокія аклады для сваіх супрацоўнікаў. Тым не менш, неабходна, каб гэты разрыў не перавышаў 20 %. 

У адваротным выпадку мы рызыкуем сутыкнуцца з адтокам кадраў з усімі вынікаючымі з гэтага негатыўнымі наступствамі.


Таму рост рэальнай заработнай платы будзе працягвацца. Іншае пытанне, што неабходна выкарыстоўваць рэзервы па зніжэнні выдаткаў у вытворчасці за кошт мадэрнізацыі, укаранення прынцыпаў беражлівай вытворчасці, зніжэння матэрыяльных затрат і энергаёмістасці. Таксама трэба выбудоўваць сістэму матывацыі, каб станоўчая дынаміка даходаў стымулявала павышэнне інтэлектуальнага патэнцыялу работнікаў і, адпаведна, садзейнічала павышэнню прадукцыйнасці працы. У росту даходаў насельніцтва ёсць вялікі станоўчы фактар: ён узмацняе спажывецкі попыт і дае магчымасць развівацца мясцовым вытворцам, ствараючы для іх надзейны канал збыту. Але ў такім выпадку неабходна прыкладаць намаганні для насычэння свайго рынку беларускай прадукцыяй, каб прырост даходаў максімальна быў рэалізаваны на тавары айчыннага паходжання і гэтыя грошы ўліваліся ў беларускую эканоміку.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю