Моладзь цягнецца да кнігі
Ва ўмовах велізарнага рынку лічбавых медыя маладым людзям цікава друкаваная кніга, адзначыў у каментарыі журналістам першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Пярцоў перад дыялогавай пляцоўкай.
«Па-першае, Беларусь застаецца адной з самых чытаючых краін. Па-другое, мы ўтрымліваем лідзіруючыя пазіцыі і ў Еўропе, і ў краінах СНД па выданні кніг на аднаго жыхара. Гэта сведчыць аб тым, што, нягледзячы на ўсемагчымыя фактары канкурэнцыі за ўвагу чалавека, на велізарны рынак лічбавых медыя, сацыяльных сетак, лангрыдаў у інтэрнэце, нават пры магчымасці прачытаць або паслухаць тую ці іншую кнігу ў адпаведных дадатках, маладыя людзі, ды
і не толькі яны, выбіраюць друкаваную кнігу», — сказаў Уладзімір Пярцоў.
І той факт, што кожны год у краіне з’яўляюцца маладыя літаратары, пісьменнікі і паэты, сведчыць аб тым, што гэта традыцыя захоўваецца, падкрэсліў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. Паводле яго слоў, маладыя аўтары, жывучы ў лічбавым асяроддзі, адчуваюць канкурэнцыю за ўвагу чалавека. І ведаюць, якімі павінны быць сюжэтныя падыходы, персанажы, каб у велізарным канкурэнтным асяроддзі, у тым ліку ва ўмовах паступлення на адкрыты кніжны рынак выданняў з Расіі, знайсці свайго чытача.
«Гэта вельмі складана. Пры тым што на маладых творчых людзей як на сапраўдных патрыётаў ускладзены асаблівы абавязак — развіваць і папулярызаваць нашу культуру, даносіць нашы каштоўнасці, выхоўваць патрыётаў, грамадзян нашай краіны», — падкрэсліў Уладзімір Пярцоў.
Ён заўважыў, што многія маладыя аўтары не з’яўляюцца прафесійнымі літаратарамі: гэта работнікі сацыяльнай сферы, аховы здароўя, сродкаў масавай інфармацыі. «Але яны пішуць ад душы, у іх ёсць творчы парыў. Для таго каб ён прадаўжаўся, яго трэба развіваць і падтрымліваць», — сказаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
Пішыце праўду і сцэнарыі
Непасрэдна падчас дыялогавай пляцоўкі Уладзімір Пярцоў адзначыў, што галоўная задача аўтараў-пачаткоўцаў — адлюстроўваць гістарычную праўду, ствараць рэальны вобраз краіны і сучаснага чалавека, што нельга зрабіць толькі праз сродкі масавай інфармацыі. Ён таксама заклікаў маладых літаратараў звярнуць увагу на запатрабаваны жанр кінасцэнарыя: «Нас вельмі цікавіць тэма напісання сцэнарыяў да мастацкіх фільмаў і тэлевізійных серыялаў. Гэта асаблівая літаратурна-творчая сфера, у якой нам патрэбны свае штыкі, таленавітыя людзі з добрым складам, глыбокім разуменнем працэсаў і магчымасцю апісаць тую ці іншую сюжэтную лінію небанальна». Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта запэўніў маладых аўтараў у тым, што пры неабходнасці можна будзе арганізаваць дадатковыя курсы.
Гаворачы ў цэлым аб важнасці літаратурнай працы, Уладзімір Пярцоў звярнуў увагу, што яна будзе запатрабавана і ў далейшым. Ён падкрэсліў, што тэлебачанне не заб’е пісьменніцкую прафесію, а інтэрнэт — друкаванае слова.
«Моладзь цягнецца да кнігі, чытае, а значыць — заўсёды будзе патрэба ў вас, маладых аўтарах. І якімі вы будзеце, якімі будуць вашы сюжэты і персанажы, ці будуць яны несці пазітыўныя пасылы і фарміраваць патрыятычна настроеную асобу — ад гэтага залежыць развіццё маладых людзей, вашых аднагодкаў і тых, хто маладзейшы, — хто разам з вамі будзе будаваць краіну і кіраваць нашай роднай Беларуссю», — сказаў Уладзімір Пярцоў.
Супольнасць маладых і таленавітых
Міністр інфармацыі Дзмітрый ЖУК у размове з журналістамі падкрэсліў, што стварэнне супольнасці таленавітых маладых творцаў вельмі важнае для развіцця і падтрымкі ўсёй беларускай літаратуры.
— Маладыя творцы — усе ўнікальныя, яны пішуць так, як адчуваюць, як разумеюць. Тое, што іх аб’ядноўвае, — яны ўсе патрыёты нашай Беларусі, — заўважыў Дзмітрый Жук.
Ён заўважыў, што Форум маладых літаратараў і ёсць адзін з крокаў да стварэння такой супольнасці: удзельнікі змогуць пазнаёміцца адзін з адным. «Правядзенне форуму — гэта ўжо элемент увагі і падтрымкі дзяржавы да творчасці маладых беларусаў», — сказаў міністр, адказваючы на пытанне аб падтрымцы маладых літаратараў з боку дзяржавы.
Таксама Дзмітрый Жук звярнуў увагу на магчымасць удзельнічаць у конкурсах, публікавацца ў маладзёжных выданнях, часопісах. «Так, тыражы, на жаль, невялікія, але цяпер мы думаем над тым, каб рабіць электронныя дадаткі да гэтых традыцыйных друкаваных часопісаў», — дадаў ён.
У рамках мерапрыемства былі агучаны важныя пытанні, датычныя сучаснага літаратурнага працэсу ў Беларусі і за яе межамі: што рабіць, каб твой голас пачулі? Якія тэмы сёння актуальны для маладога пакалення? Як трапіць у школьную праграму? На каго арыентавацца на сваім творчым шляху? Старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь Іван ЭЙСМАНТ запрасіў маладых літаратараў да актыўнага супрацоўніцтва з тэлебачаннем і нацыянальнымі радыёстанцыямі. «Наша тэлерадыёкампанія цесна супрацоўнічае з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. І мы будзем рады бачыць вас у нашых шэрагах. Сёння, як ніколі, вельмі неабходны таленавітыя аўтары для напісання сцэнарыяў тэлеперадач, тэлесерыялаў. Важнае месца ў праграме радыё- і тэлевяшчання займае адлюстраванне сучаснага стану беларускай культуры ў цэлым і літаратуры ў прыватнасці», — адзначыў Іван Эйсмант.
Вучні і настаўнікі
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі маладыя літаратары атрымалі шанц задаць хвалюючыя пытанні, на якія адказалі прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання. Акрамя магчымасці апублікаваць свае творы ў рэгіянальнай і рэспубліканскай перыёдыцы, пісьменнікаў цікавіць самаадукацыя, якая не толькі дапамагае падтрымліваць высокі ўзровень уласнай творчасці, але і знаходзіць новыя шляхі, тым самым узбагачаючы нацыянальную літаратуру. Аўтары-ўдзельнікі ўзнялі пытанне правядзення дадатковага навучання асновам драматургіі і сцэнарнага майстэрства, якое сёння вельмі запатрабавана і на тэлебачанні, і ў кінематографе. Міністр інфармацыі Дзмітрый Жук адказаў, што ў найбліжэйшы час, магчыма, да наступнага Форуму маладых літаратараў, падобныя ініцыятывы будуць арганізаваны для ўдзельнікаў мерапрыемства.
Падчас форуму працавалі тэматычныя секцыі па трох кірунках: «Паэзія» (кіраўнік Міхась Пазнякоў), «Проза» (кіраўнік Алесь Бадак), «Публіцыстыка, крытыка і драматургія» (кіраўнік Таццяна Сівец). Маладыя пісьменнікі атрымалі магчымасць абмеркаваць свае творы з вядомымі прадстаўнікамі сучаснай беларускай літаратуры, даведацца пра прафесійныя сакрэты і падзяліцца ўласнымі крыніцамі натхнення з аднадумцамі. Настаўнікі секцый адзначылі, што падобныя мерапрыемствы карысныя не толькі для аўтараў-пачаткоўцаў, але і для ўжо вядомых пісьменнікаў, бо такі абмен вопытам паміж пакаленнямі спрыяе развіццю і ўдасканаленню беларускай літаратуры.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота БелТА