Жнівеньскае
Бо насамрэч у людзей, якія паспелі адпачыць раней, альбо ў турыстаў, якія «завіслі» ў сталіцы Беларусі летам, ёсць магчымасць правесці вольны час ці вечар выхаднога дня ў тэатры. Вядома, з адпаведным рэпертуарам, які дазваляе крыху разняволіцца. Некаторыя папярэдні сезон скончылі пазней ці працягнулі гастрольнай часткай, як Вялікі тэатр. А некаторыя — не марудзяць з пачаткам новага. Першы, хто забаўляе ўжо напачатку жніўня, — Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр, які парадаваў прэм’ерамі (пластычным спектаклем «Крохкасць» і меладрамай «Старэйшы сын» паводле Аляксандра Вампілава ў пастаноўцы Таццяны Аксёнкінай).
У сярэдзіне жніўня Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага новы сезон адкрыў спектаклем «Утаймаванне свавольніцы» паводле Шэкспіра ў пастаноўцы Валянціны Ераньковай.
А бліжэй да канца жніўня іншыя пакрысе падцягваюцца — калі адчуваецца подых восені і трэба настроіцца на сур’ёзны (працоўны) лад. І тут падключыўся Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, які для адкрыцця сезона абраў прэм’ерную пастаноўку «Памінальная малітва» паводле Рыгора Горына, абвясціўшы такім чынам пачатак «сезона сэнсаў» на сваёй сцэне — ну, паглядзім, падумаем...
А пакуль мы знаходзімся на тым цудоўным моманце, калі яшчэ можна далучыцца да святкавання пачатку тэатральнага сезона: першыя паказы пасля перапынку звычайна адбываюцца вельмі эмацыйна і натхнёна, бо кожны артыст імкнецца выкласціся альбо заявіць пра сябе, асабліва цікава, калі на сцэне моладзь. І, як ні дзіўна, гэта можа быць адна з найстарэйшых сцэн Беларусі...
На гэтым тыдні сапраўдным тэатралам прадставяць неўміручую «Паўлінку» паводле Купалы ў пастаноўцы Льва Літвінава. Гэта легендарны спектакль 1944-га года, упершыню паказаны ў Томску, дзе ў эвакуацыі знаходзіўся тэатр — у той жа год яму надалі імя Янкі Купалы. І шмат гадоў тут без варыянтаў: адкрыццё сезона — значыць «Паўлінка». Былі спробы зрабіць яе іншай, але адбылося вяртанне таго самага варыянта Літвінава. Толькі цікава, хто і як увасабляе каларытных герояў Купалы цяпер?.. Адказ на пытанне ахвотныя знойдуць 27 жніўня.
Вераснёўскае
Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі сёлета пра спектакль адкрыцця сезона абвясціў яшчэ... падчас закрыцця папярэдняга. Гэта зразумела: атрымаўшы ў рэпертуары гучную прэм’еру — оперу «Арлеанская дзева» Пятра Чайкоўскага — хочацца зрабіць акцэнт на ёй.
І гэта насамрэч абгрунтавана, бо спектакль мала таго, што новы, але і небанальны, таму што імкнецца ўцягнуць сучаснага гледача ў падзеі далёкага мінулага і дэманструе: опера — гэта адметны від мастацтва, які даступны кожнаму чалавеку, бо здольны глыбока крануць. Рэжысёр-пастаноўшчык Георгій Ісаакян дасягнуў мэты, паставіўшы надзвычай складаную задачу трупе і асабліва выканаўцы галоўнай партыі Жанны-Іааны. Дык вось, на адкрыцці — 4 верасня — яе будзе спяваць прызнаная зорка айчыннай оперы Аксана Волкава. А ўжо на наступным паказе аматары оперы могуць паслухаць маладую спявачку Дар’ю Гаражанку, якая ўразіла падчас першага паказу. Як па мне, дык варта было б схадзіць на абодва паказы — бо гэта будуць розныя спектаклі!.. А балетная трупа Вялікага пачынае 7 верасня прэм’ерай трох аднаактовых спектакляў пад агульнай назвай «Скокі» ў пастаноўцы Ігара Колба, які з’яўляецца галоўным харэографам тэатра і звычайна «падкідвае» праз свае працы эмоцый у топку тэатральных жарсцяў.
Балетаманам зноў будзе пра што паразмаўляць і паспрачацца, асабліва ў кантэксце таго, што іншая балетная трупа — Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра — запланавала на адрыццё сезона 9 верасня прэм’еру «Купалле» харэографа Сяргея Мікеля (напачатку восені крыху ўспамінаў пра плённае лета).
Пазачасовае
А некаторыя тэатры жывуць нібыта па-за часам і напачатку новага сезона адразу прапануюць не толькі наталяцца мастацтвам, але і адразу сур’ёзна думаць. Гэта характэрна заўсёды (і без дадатковых абвяшчэнняў) для Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. 13 верасня ён пачне ранішнія спектаклі для дзяцей казкай «За снежнай каралевай», а 18-га вечарам дарослых ахіне інтэлектуальнае «Мроіва» (абедзве пастаноўкі Яўгена Карнягі).
Ну, і сезонна-святочнае сёлета шукаем у Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры юнага гледача.
17 верасня ТЮГ будзе святкаваць 70-гадовы юбілей. Афіцыйна адкрыўшыся 7 верасня драматычным «Макбетам» паводле Шэкспіра ў пастаноўцы Таццяны Самбук, з 11 верасня тэатр абвяшчае цэлы тыдзень урачыстасцяў і адмысловай праграмы. Нішто сабе пачатак 70-га тэатральнага сезона! Кажуць, як пачнеш год, так і правядзеш... Добра, каб так і было — з натхненнем. Бо чалавеку патрэбна нешта для сэрца і розуму — а ён у тэатры так ці інакш атрымлівае пэўны творчы імпульс, з якім праца ў любой сферы і жыццё наогул становяцца больш асэнсаванымі.
Ларыса ЦІМОШЫК