Top.Mail.Ru

Новыя тэхналогіі машынабудавання пакажуць у Мінску за чатыры дні

Такім чынам, з 7 па 10 красавіка сёлета Мінскі футбольны манеж сабраў на сваёй пляцоўцы вядучых вытворцаў і пастаўшчыкоў абсталявання для металаапрацоўкі, машынабудавання, зваркі, ліцейнай вытворчасці і абароны ад карозіі.


Як адзначыў падчас адкрыцця выставы намеснік міністра прамысловасці нашай краіны Дзяніс БАКЕЙ, гэты міжнародны форум дастаткова моцна тэхналагічна «падкаваны». «Бо калісьці, каб атрымаць нейкую дэталь, неабходна было прайсці шэраг аперацый тэхналагічных станкоў і гэта былі вялікія цэхі. Сёння адзін апрацоўчы цэнтр, які прадстаўлены тут, можа замяніць ад 10 да 15 станкоў і атрымаць ад нарыхтоўкі цалкам гатовыя вырабы. У гэтым сёння наша тэхналагічная незалежнасць і тэхналагічная бяспека», — растлумачыў намеснік міністра.

У экспазіцыі міжнародных выстаў — «Металаапрацоўка», «Машынабудаванне», «Зварка і рэзка», «Парашковая металургія», «Абарона ад карозіі», «Ліццё і металургія» — прынялі ўдзел больш за 200 кампаній з Беларусі, Расіі, Кітая, Індыі, Турцыі, Ізраіля і Паўднёвай Карэі. Тэматыка форуму ахоплівае ўсе этапы вытворчага цыклу: ад канструкцыйных матэрыялаў і станочнага парка да гатовых тэхналагічных рашэнняў. Удзельнікі выставы падрыхтавалі прэм’ерныя паказы абсталявання.


Флагманы айчыннага станкабудавання — вядучыя прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці нашай краіны значна пашырылі свае стэнды і паказваюць новыя распрацоўкі.

Выстава «Зварка і рэзка» прадэманстравала абсталяванне і тэхналогіі для зваркі разнастайных матэрыялаў, іх рэзкі, наплаўкі, пайкі і тэрмічнай апрацоўкі. Тут паказалі матэрыялы і абсталяванне для зваркі аптычных валокнаў, зваркі пад вадой і ў космасе (!). Традыцыйна выстава сабрала вытворцаў зварачнага абсталявання і матэрыялаў з Беларусі, Расіі, Кітая, Індыі, Турцыі і іншых краін.

На выставе «Парашковая металургія» экспануецца прэсавае і тэрмічнае абсталяванне, а таксама парашковыя матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці вырабаў. Абсалютна ўсе наведвальнікі могуць пазнаёміцца з найноўшай прадукцыяй парашковай металургіі, якая ўжываецца ў машынабудаванні, энергетыцы, нафтахіміі і медыцыне, з вырабамі на аснове цвёрдых сплаваў і штучных алмазаў, а таксама з тэхналогіямі плазменнага нанясення ахоўных і іншых пакрыццяў.

Найноўшыя распрацоўкі беларускіх вучоных будуць прадэманстраваны на аб’яднаным стэндзе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


Выстава не абмежавалася экспазіцыйнымі стэндамі. За гады правядзення яна стала не проста штогадовым месцам сустрэчы, а пляцоўкай для навучання, абмену вопытам і прафесійнага росту для спецыялістаў галіны. Дзелавая праграма выставы ўключае прэзентацыі, канферэнцыі, семінары, конкурсы і круглыя сталы.

Асацыяцыя «Нацыянальнае партнёрства развіцця субкантрактацыі» (Расія) арганізуе біржу субкантрактаў, падчас якой расійскія кампаніі прапануюць беларускім прадпрыемствам заказы па вырабе і апрацоўцы дэталяў. 


Галоўная навуковая падзея выставы — 40-я Міжнародная навукова-тэхнічная канферэнцыя «Перспектыўныя кірункі развіцця тэхналогіі машынабудавання і металаапрацоўкі. Тэхналогія — абсталяванне — інструмент — якасць», арганізатарам якой традыцыйна выступае Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.

Пры наведванні выставы журналіст «Звязды» заўважыў адну асаблівасць. Амаль на ўсіх стэндах прысутнічалі робаты. Робаты былі «ўзброеныя» хвацкім зрокам розных тыпаў, гэта былі нават сканеры. Разумныя машыны працавалі ў сімбіёзе з вымяральнікамі цеплыні, яркасці святла, глейкасці вадкасці і з іншымі датчыкамі. Яны не толькі выконвалі задачы, але і кантралявалі якасць сваёй работы. Няўжо робаты цалкам заменяць людзей?

Спецыяліст адной сталічнай інжынірынгавай кампаніі Іван Растаргуеў лічыць, што гэта не зусім так. Робаты трэба ўмець збіраць, абслугоўваць і пры паломках рамантаваць. А на верхавіне тэхналагічнага ланцужка знаходзяцца распрацоўшчыкі і праграмісты гэтых машын, таму што іх трэба спачатку «намаляваць» у галаве. Гэтымі днямі дадзеная тэхналагічная эліта прыбыла ў Мінск. Каб і сябе паказаць, і ў іншых павучыцца. А ў выніку — выйграе наша дзяржава і нашы сябры. Дарэчы, удзел ва ўсіх мерапрыемствах дзелавой праграмы выставы бясплатны, але абавязковая папярэдняя рэгістрацыя на сайце арганізатара.

Сяргей КУРКАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю