Top.Mail.Ru
357

НЦСМ пачаў прыём заявак маладых мастакоў на рэспубліканскі конкурс

Наватарства і крэатыўнасць

Пра будучы конкурс «Трыенале маладых мастакоў» БелТА расказалі ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (НЦСМ).

«Трыенале маладых мастакоў» — традыцыйнае мерапрыемства Міністэрства культуры і НЦСМ, якое дае магчымасць маладым аўтарам прадставіць сваю творчасць. Конкурс праводзіцца ў некалькіх намінацыях: «Скульптура», «Жывапіс», «Графіка», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», «Навацыя», «Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва», «Фатаграфія» і спецыяльная намінацыя «Мастацкая дынастыя».

Па традыцыі гледачы экспазіцыі змогуць аддаць свой голас за ўпадабанага ўдзельніка і выбраць пераможцу ў намінацыі «Глядацкая сімпатыя», а журы конкурсу вызначыць пераможцу ў спецыяльнай намінацыі «За ўклад у развіццё выяўленчага мастацтва». У склад экспертнай камісіі ўвойдуць прадстаўнікі НЦСМ, Міністэрства культуры, прафесійныя мастакі, мастацтвазнаўцы. Пераможцы ў намінацыях атрымаюць грашовую ўзнагароду ў памеры 60 базавых велічынь (1 БВ — Br42).

Як паведамілі ў цэнтры, на мінулы конкурс заявак было вельмі шмат. Асаблівую цікавасць выклікалі такія намінацыі, як «Навацыя» і «Манументальнае і манументальна-дэкаратыўнае мастацтва». Супрацоўнікі НЦСМ распавялі, што многія маладыя аўтары спрабуюць прыўнесці нешта крэатыўнае ў свае працы, змешваюць стылі, шукаюць сваю адметнасць, каб уздзейнічаць на гледача. Па выніках мінулага конкурсу ў экспазіцыі выставы былі прадстаўлены інтэрактыўныя арт-аб’екты, якія дазвалялі гледачам узаемадзейнічаць з працамі.

Даслаць заяўкі для ўдзелу можна да 26 верасня ў НЦСМ па адрасе: вул. Някрасава, 3. Конкурс праходзіць сярод аўтараў ва ўзросце да 35 гадоў. Да ўдзелу запрашаюцца прафесійныя мастакі, асобы, якія атрымліваюць мастацкую або мастацтвазнаўчую адукацыю ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Паспаборнічаць могуць творчыя, навуковыя, педагагічныя, музейныя работнікі і тыя, хто мае прафесійны сертыфікат творчага работніка.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю