Вясновая пасяўная — адзін з самых адказных перыядаў. Менавіта цяпер закладваецца аснова будучага ўраджаю. У агракамбінаце «Ждановічы», дзе пабывалі карэспандэнты «Звязды», гэта добра ведаюць. Таму тут імкнуцца строга прытрымлівацца вызначанага графіка работ і тэхналагічнай дысцыпліны. Нават пераменлівы настрой надвор’я не здольны ўнесці сур’ёзныякарэктывы і стаць перашкодай.
Падрыхтаваліся добра і загадзя
Сёлета пасяўная ў гаспадарцы стартавала 26 сакавіка — з яравога ячменю. Разам з гэтым распачалі высейваць суперэлітныя сарты, якія ў далейшым будуць выкарыстоўвацца для размнажэння гэтай культуры.

Па словах агранома Данііла МАГІЛЁЎЦАВА, гатоўнасць камбіната да «гарачай» пары — на высокім узроўні:
— Усе работы напярэдадні адказнага сезона правялі своечасова. Тэхніку таксама падрыхтавалі загадзя — у гэтым значная заслуга інжынернай службы. Да правядзення пасяўной у гаспадарцы прыцягнуты практычна ўсе спецыялісты: аграномы, інжынеры, механізатары. Людзей дастаткова — кадравых праблем няма.

Ды і пачатак вясны выдаўся спрыяльным: пацяпленне і сонечныя дні дазволілі своечасова выйсці ў поле. Праўда, апошнія дажджы крыху запаволілі тэмпы работ. Аднак ў цэлым надвор’е не перашкаджае, запэўнівае Данііл Магілёўцаў:
— Усё спланавана так, каб укласціся ў тэрміны.
Культурныя акцэнты
У гэтым годзе ў агракамбінаце зрабілі стаўку на шырокі спектр сельскагаспадарчых культур. Асноўны акцэнт — на яравым ячмені, пшаніцы і кукурузе, якую будуць вырошчваць як на зерне, так і на сілас.
Па ячмені ўжо бачны канкрэтны прагрэс: сяўба па гэтай культуры амаль завершана. Што датычыцца кукурузы на зерне, яе пасевы павінны заняць 2416 га, а на сілас прадугледжана 1305 га. Па грэчцы лічбы меншыя — 100 га. Значныя плошчы адведзены і пад іншыя культуры: пад цукровыя буракі — 1000 га, пад азімы рапс — 2000 га. Асобны кірунак — агародніна і бульба. Іх агульная плошча складзе каля 60 га:
35 га адведзена пад бульбу, 10 — пад моркву, яшчэ 10 — пад капусту і 5 га — пад сталовыя буракі.

Сярод ключавых задач пасяўной кампаніі тут вылучаюць правільнае высейванне культур. Асаблівую ўвагу надаюць глыбіні закладкі насення, бо ад гэтага залежыць будучы ўраджай.
— Галоўнае — правільна пасеяць і ўсё зрабіць своечасова, — падкрэслівае Данііл Магілёўцаў.
Паралельна з сяўбой яравых культур працягваецца догляд за азімымі. У бліжэйшы час плануецца правядзенне хімічных апрацовак, каб абараніць пасевы ад шкоднікаў і забяспечыць стабільнае развіццё раслін.
Працаваць у поўную сілу!
Актыўна ўключыліся ў пасяўную і механізатары, ад працы якіх непасрэдна залежыць якасць будучага ўраджаю. Кожны дзень для іх — гэта дакладна выбудаваны працэс.
Адна з ключавых задач — падрыхтоўка глебы пад сяўбу, тлумачыць механізатар Аляксандр ПЕНТАЛЬ:

— Важна, каб зямля была ў патрэбным стане для працы сеялак. Надвор’е пакуль не стварае сур’ёзных перашкод. Глеба не пераўвільготнена, што дазваляе тэхніцы працаваць стабільна.
Асобную ўвагу механізатар звяртае на тэхніку, якая выкарыстоўваецца ў гаспадарцы. На палях працуюць беларускія трактары, якія зарэкамендавалі сябе як надзейныя і зручныя ў абслугоўванні.
— Тэхніка служыць добра, запчасткі даступныя, пры неабходнасці ўсё можна аператыўна замяніць. Гэта вельмі важна ў сезон, калі кожны дзень мае значэнне, — падкрэслівае Аляксандр Пенталь.
На яго думку, галоўнае ў такі перыяд — не спыняцца і працаваць у поўную сілу:
— І тады будзе вынік!
Механізатар Аляксей ЛАСКУНОЎ таксама адзначае, што тэхнічнае забеспячэнне дазваляе выконваць усе пастаўленыя задачы:

— Тэхніка, якая выкарыстоўваецца ў гаспадарцы, валодае дастатковай магутнасцю і эфектыўнасцю, каб апрацоўваць вялікія плошчы. І яна паказвае сябе добра, разлічана на такія нагрузкі.
Пабываўшы ў гаспадарцы, мы пераканаліся: пасяўная кампанія ў агракамбінаце «Ждановічы» сапраўды ідзе ў планавым рэжыме — усе неабходныя этапы выконваюцца паслядоўна, без збояў. Работа ў палях арганізавана комплексна, прадугледжана і харчаванне работнікаў, што дазваляе падтрымліваць неабходны рытм на працягу ўсяго дня.
У гаспадарцы ўпэўнены: усе запланаваныя работы аграрыі выканаюць ва ўстаноўленыя тэрміны, і аснова будучага ўраджаю будзе закладзена якасна.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД