Калі ўсе кудысьці спяшаюцца ці, наадварот, завісаюць у гаджэтах, разумееш, як не хапае людзей, гатовых падзяліцца душэўнай цеплынёй. Мне пашчасціла знайсці такую суразмоўцу, да таго ж маці-гераіню Веру Скадораву.
Вера Мікалаеўна родам з вёскі Асташына на Навагрудчыне. Яна была трэцім дзіцем у сям’і. Пра маці ёй нагадвае толькі стары здымак — тая памерла пасля родаў, толькі паспела даць імя дачцэ. Малая засталася на клопаце бацькі, які тады працаваў наглядчыкам коней толькі арганізаванага калгаса «Камунар», і бабулі. Але ўжо пасля восьмага класа ёй давялося жыць самастойна. Адвучылася ў гандлёвым тэхнікуме, патрапіла на працу ў Гальшанскае спажыўтаварыства, дзе «затрымалася» на 54 гады.
Пасля працы Вера дапамагала даглядаць агарод, наводзіць парадак у хаце гаспадыні, у якой здымала пакой. На працалюбівую і адказную кватарантку не мог не звярнуць увагу сын гаспадыні. Аляксандр Іванавіч стаў для яе надзейным і клапатлівым мужам. Разам яны выгадавалі пяць цудоўных дачок. Вера Мікалаеўна ўзнагароджана ордэнам Маці.
Калі сям’я расла, жанчыне давялося шукаць працу бліжэй да хаты. Так яна стала прадаўцом кніжнай крамы. Прызнаецца, што сыходзіць са старога месца не хацелася. Там яе высока цанілі не толькі за прафесійныя якасці, але і арганізатарскія здольнасці. Яна была і старшынёй прафкама, і сакратаром кампартыі сваёй арганізацыі, сачыла за тым, каб ні адзін удзельнік вайны не застаўся без увагі, адказвала за арганізацыю канцэртаў мастацкай самадзейнасці, сама спявала лірычныя народныя песні. Калі працавала ва ўнівермагу, каб выканаць план, з Гальшан у Ашмяны ездзіла на рэйсавых аўтобусах за запатрабаваным у пакупнікоў таварам...
Вера Мікалаеўна ўжо пенсіянерка, але застаць яе дома практычна немагчыма. Яна актыўна займаецца спортам, асабліва лёгкай атлетыкай. Летась, калі ўдзельнічала ў злёце ветэранаў-валанцёраў «сярэбранага» ўзросту, выступіла з акрабатычным нумарам — села на шпагат. І гэта ў 77 гадоў! Няхай ёй пазайздросціць Валачкова. У любы час жанчына выбіраецца з пешымі прагулкамі па Гальшанах. Як валанцёр дапамагае старэйшай Марыі Салаўёвай, якая ў вайну была ў фашысцкай няволі: летам у доглядзе за градамі, зімой сочыць за ацяпленнем, набывае прадукты, падтрымае і добрым словам. А яшчэ мая гераіня любіць пасядзелкі з сяброўкамі з мясцовай чытальні, на якіх жанчыны абмяркоўваюць і вясковыя праблемы, і падзеі ў краіне, свеце.
Калі ж я спытаўся ў Веры Мікалаеўны, што для яе мае асаблівае значэнне, яна заўважыла, што ўсё больш адчувае, як важна для чалавека жыць у мірнай краіне, адчуваць упэўненасць у заўтрашнім дні і магчымасць радавацца новаму.
Мікалай Балыш, г.Ашмяны