Top.Mail.Ru

Няма невырашальных задач! Як беларуска 25 гадоў кіруе сельгаспрадпрыемствам у Брагінскім раёне

Тамара Кудан свой прафесійны шлях пачала ў 1985 годзе: па размеркаванні прыйшла бухгалтарам у адну з гаспадарак Брагіншчыны, якой паспяхова кіруе вось ужо 25 гадоў. Галоўны прынцып нашай гераіні ў рабоце, ды і ў жыцці, — «няма задач, якія нельга было б вырашыць». І вынікі яе шматгадовай працы сапраўды ўражваюць: сельгаспрадпрыемства па выніках работы — адно з лепшых у раёне.



За дзень дырэктар робіць не адну сотню кіламетраў. А як інакш, гаспадарка ж немаленькая, ды і прывыкла ўжо ўсё трымаць пад кантролем. «Як гаворыцца, лепш адзін раз убачыць самой, чым сто разоў чуць... Хоць усе работнікі ў мяне самастойныя і адказныя, ім можна даверыць любую задачу, але лішні кантроль у нашай справе не перашкодзіць», — усміхаецца гераіня.

Дарэчы, у школе пра сельскую гаспадарку яна нават не думала, больш за ўсё ёй падабалася лічыць, бачыла сябе ў сферы гандлю. «Чамусьці мне хацелася стаць таваразнаўцам. Але даволі хутка я ад гэтай думкі адмовілася і паступіла ў сельскагаспадарчы тэхнікум, які паспяхова скончыла», — адзначае Тамара Кудан.

Пасля размеркавання Тамара Ліцвінка (дзявочае прозвішча гераіні) планавала адпрацаваць і вярнуцца на малую радзіму — у Хойніцкі раён. Але ў лёсу, як кажуць, свае планы... Грымнуў красавік 1986-га, і звыклы людзям свет раскалоўся на зоны. Хваля адсялення літаральна вымыла з гаспадаркі многіх спецыялістаў.


«Прыйшоў дырэктар і гаворыць: „Будзеш працаваць галоўным бухгалтарам“. І такая вялікая матэрыяльная адказнасць лягла на мяне ў 20 гадоў! — расказвае жанчына. — Не спасавала, ува мне перамагла тая маленькая Тома са стальным характарам, якая не баялася цяжкасцей. Гэта быў страшны для нашай краіны 1986 год — чарнобыльская аварыя. І трэба было падставіць плячо кіраўніку, калектыву, ды і ўсёй краіне».

У 2001 годзе ёй прапанавалі ўзначаліць калгас «Парыжская камуна» (цяпер ААТ «Брагінка»). «Выклікае мяне старшыня райвыканкама і гаворыць: „Будзеш дырэктарам!“ Я адразу адмаўляцца, на вуліцы кастрычнік — трэба заканчваць сельскагаспадарчы год, рыхтавацца да зімоўкі. Ды і час які цяжкі тады быў, — успамінае Тамара Кудан. — Дамовіліся, што кірую два тыдні, а за гэты час знойдуць дастойную кандыдатуру. Але тэрмін прайшоў, а мяне ніхто звальняць не збіраецца. Вось так усё пайшло-паехала: пасей, убяры, нарыхтуй корм, перазімуй... І гэтак 25 гадоў».


Размаўляючы сёння з кіраўніком ААТ «Брагінка», заўважаем, як нават праз столькі гадоў дырэктарства загараюцца яе вочы ў час расказаў аб калектыве, поспехах прадпрыемства, планах на будучыню і марах. Не можам не пацікавіцца: як гэта — быць жанчынай — дырэктарам сельгаспрадпрыемства і пры гэтым усюды і ўсё паспяваць.

«Ідэальных схем няма, трэба проста ўсёй душой любіць сваю справу, ставіцца да людзей з павагай, але і не забываць пра пачуццё абавязку і вялікую адказнасць, якая ляжыць на тваіх і іх плячах», — упэўнена адказвае наша гераіня.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю