У Гомельскай вобласці ў 2025 годзе заключана 485 шлюбаў з замежнымі грамадзянамі. Пра гэта паведамілі ў галоўным упраўленні юстыцыі аблвыканкама.
Сярод замежных сужэнцаў — 276 мужчын і 209 жанчын. Часцей за ўсё гамяльчане бралі шлюб з грамадзянамі Расіі. Гэта больш за 65 % інтэрнацыянальных пар — 322. Таксама нярэдкія былі шлюбы з украінцамі — іх доля дасягнула 6 %.
«Дзясятую частку замежных шлюбаў утварылі саюзы з прадстаўнікамі краін Сярэдняй Азіі і Закаўказзя. 5 % прыпала на грамадзян Еўрасаюза — Літвы, Латвіі, Эстоніі, Германіі, Польшчы, Чэхіі, Нідэрландаў, Славакіі. Па 2 % склалі шлюбы з туркамі і ізраільцянамі, а на шлюб з амерыканцамі прыпаў 1 %», — расказалі ў галоўным упраўленні юстыцыі.Сярод замежнікаў, якія звязалі лёс з беларусамі, былі і тыя, чыё каханне пераадолела сотні і нават тысячы кіламетраў. «У большасці прадстаўнікамі экзатычных краін аказаліся мужчыны. Так, сваё шчасце ў Беларусі здабылі грамадзяне Конга, Туніса, Сірыі, Марока, Егіпта, Ірака, Калумбіі, Сальвадора. Адцяніла карціну толькі адна нявеста з Філіпін», — заключылі спецыялісты.