У адпаведнасці з рашэннем Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 11 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Ён устаноўлены ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні ў Бухенвальдзе. Пра гэта паведамляе БелТА.
Менавіта ў гэты дзень у 1945 годзе вязні Бухенвальда на чале з інтэрнацыянальным палітычным цэнтрам узнялі ўзброенае паўстанне, у выніку якога захапілі лагер і ўтрымлівалі яго да прыходу саюзных войскаў. У 1958 годзе тут быў адкрыты комплекс збудаванняў, прысвечаны героям і ахвярам Бухенвальда.
У красавіку 1945 года былі вызвалены таксама вязні Заксенхаўзена, Дахау і Равенсбрука. Асвенцім, Майданак, Траблінка, Бухенвальд і шмат іншых месцаў на карце Еўропы былі ператвораны ў гады Другой сусветнай вайны ў жорны смерці, сродкі масавага фізічнага знішчэння людзей, лабараторыі для правядзення медыцынскіх і іншых эксперыментаў.

Створаная ў 1944 годзе камісія садзейнічання Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў сабрала доказы, якія поўнасцю выкрываюць крывавыя злачынствы гітлераўцаў.
За свае ліхадзействы фашысты адказалі на міжнародным судовым працэсе ў Нюрнбергу, які праходзіў з 20 лістапада 1945 па 1 кастрычніка 1946 года. Адкрытыя суды па найбольш жорсткіх ваенных злачынствах былі праведзены ў гарадах савецкіх рэспублік, у тым ліку ў Мінску, Бабруйску, Віцебску і Гомелі.
Генеральная пракуратура Беларусі з красавіка 2021 года расследуе крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У ходзе расследавання былі дапытаны звыш 21,3 тыс. чалавек, амаль 8 тыс. з якіх — пацярпелыя, у тым ліку былыя вязні лагераў смерці, створаных нацыстамі як на тэрыторыі акупіраванай Беларусі, так і за яе межамі. Вярхоўным Судом Беларусі было вынесена шэсць абвінаваўчых прыгавораў за генацыд беларускага народа.

Згодна з данымі, апублікаванымі на сайце ведамства, на тэрыторыі Беларусі дзейнічала 578 лагераў смерці. Найбольш буйныя з іх знаходзіліся ў Мінску, у раёне Нямігі, і Трасцянцы, а таксама ў Азарычах, Гомелі, Полацку і Бабруйску. У гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь страціла каля 3 млн чалавек — гэта кожны трэці жыхар рэспублікі.
Штогод па ўсёй Беларусі 11 красавіка праходзяць мітынгі, прысвечаныя Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Да памятных знакаў па ўсёй рэспубліцы нясуць вянкі і кветкі былыя вязні канцлагераў, прадстаўнікі абласной і мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, студэнты і школьнікі. На месцах лагераў смерці па ўсёй краіне ў памяць аб загінулых у іх устаноўлены помнікі. Кожны лагер смерці ўвекавечаны ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».