Top.Mail.Ru

«Нёман» перамог, у «Тарпеда-БелАЗа» нічыя, мінскае «Дынама» саступіла ў Лізе канферэнцый

Беларускія футбольныя клубы па-рознаму правялі стартавыя паядынкі другога кваліфікацыйнага раўнда Лігі канферэнцый, паведамляе БелТА.



Ярчэй за ўсіх праявіў сябе гродзенскі «Нёман», які на выездзе здабыў валявую вікторыю над славацкім «Кошыцэ » з вынікам 3:2. Пасля першага тайма госці саступалі з лікам 0:2, але ў другой палове здолелі пераламаць ход паядынку і вырвалі перамогу. Спачатку сваё важкае слова сказаў адзін з лідараў гродзенскай каманды Павел Савіцкі, які аформіў галявы дубль, а потым Максім Краўцоў з пенальці забіў пераможны мяч. У канцоўцы кампенсаванага часу гаспадары таксама зарабілі пенальці, аднак галкіпер Максім Бялоў адбіў удар Дамініка Крузіляка. У выпадку поспеху па суме дзвюх гульняў падапечныя Ігара Кавалевіча ў 3-м раўндзе сустрэнуцца з пераможцам пары «Раднічкі» (Ніш, Сербія) — «Клаксвік» (Фарэрскія астравы). Іх паядынак у Сербіі завяршыўся ўнічыю — 0:0. На старце кваліфікацыі трэцяга па рангу кантынентальнага турніру «Нёман» двойчы перайграў Армянскі «Урарту» з Ерэвана — 2:1 і 4:0.

У венгерскім Самбатхеі нядрэнна згулялі футбалісты жодзінскага «Тарпеда-БелАЗа»- у намінальна хатнім матчы яны разышліся мірам з ізраільскім «Макабі» з Хайфы — 1:1. У канцы першай паловы сустрэчы аўтазаводцы прапусцілі мяч, а адразу пасля перапынку іх капітан Кірыл Прамудраў эфектным далёкім ударам аднавіў парытэт. Калі каманда Дзмітрыя Молаша пройдзе далей, то будзе супернічаць з лепшым клубам пары «Ракув» (Польшча) — «Жыліна» (Славакія). Учора палякі разграмілі славакаў на сваім полі з лікам 3:0. У першым раўндзе тарпедаўцы перамаглі паўночнамакедонскі клуб «Работнічкі» са Скоп’е — 3:0 і 1:0.

У іншым венгерскім горадзе Мезекевешдзе мінскія дынамаўцы не здолелі паказаць свае лепшыя якасці, саступіўшы албанскаму клубу «Эгнація» з вынікам 0:2. Першы мяч мінчане прапусцілі на 29-й хвіліне сустрэчы, а другі албанцы забілі незадоўга да фінальнага свістка. Пераможца гэтай пары згуляе ў трэцім раўндзе з пераможцам сустрэч паміж славенскай «Алімпіяй» і андорскім «Інтэрам». У іх першай сустрэчы ў Любляне славенцы выйгралі з вынікам 4:2. Мінскае «Дынама» пачынала гэты еўракубкавы сезон у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў, саступіўшы па суме дзвюх сустрэч балгарскаму «Лудагорцу» з Разграду — 0:1 і 2:2.

Паядынкі ў адказ другога круга кваліфікацыі Лігі канферэнцый пройдуць 31 ліпеня. Каб прабіцца ў асноўны этап, камандам трэба паспяхова пераадолець чатыры кваліфікацыйныя бар’еры.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю