Top.Mail.Ru

«Нёман» у серыі пенальці абыграў «Клаксвік» і прабіўся ў плэй-оф кваліфікацыі Лігі канферэнцый

Каманда з Гродна ўпершыню ў сваёй гісторыі прабілася ў раўнд плэй-оф Лігі канферэнцый УЕФА. Матч у адказ 3-га адборачнага раўнда з фарэрскім клубам «Клаксвік» завяршыўся ў чацвер позна вечарам.



Нагадаем, першая сустрэча завяршылася з лікам 2:0 на карысць фарэрскай каманды. Таму перад гродзенцамі стаяла няпростая задача — не толькі адыграць два мячы, але і забіць пераможны. Букмекеры давалі толькі 14 працэнтаў на тое, што гродзенцы змогуць гэта зрабіць, на «Клаксвік», адпаведна, ставілася 86 працэнтаў. Але гэта — букмекеры. А балельшчыкі, не толькі гродзенскія — усе беларускія — верылі ў нашу каманду, адзіную, якая на сёння працягвае прадстаўляць краіну на еўратурніры.

І яна не падвяла. Не адразу, але поспех прыйшоў. Ударным аказаўся адрэзак матча з 80-й па 84-ю хвіліну, калі «Нёману» ўдалося здзейсніць камбэк 2:0 — цяпер ужо на нашу карысць. Галы забілі Барубаеў і Панця. Больш ніводная з каманд з гульні не вызначылася, хоць моманты былі і ў адных, і ў другіх. «Нёман» насядаў, «Клаксвік», якія не прайграваў у афіцыйных матчах з верасня мінулага года (34 сустрэчы запар!) адчайна абараняўся. 

Пасля асноўнага часу арбітры прызначалі экстратаймы, якія завяршыліся «ўсухую». 

Каб выявіць пераможцу двухматчавай дуэлі была прызначана пасляматчавая серыя пенальці. Футбалісты з берагоў Нёмана справіліся з ёй на выдатна — 5:4. І — выхад у апошні, вырашальны раўнд кваліфікацыі гэтага маладога турніру. «Нёман» стаў трэцім беларускім клубам, які змог адыграць двухгалявое адставанне.

Наступным сапернікам гродзенцаў стане клуб «Раё Вальекана» з Мадрыда. 

«Раё Вальекана» — трэцяя футбольная сіла Мадрыда пасля «Рэала» і «Атлетыка». Але ў сутнасці сваёй — з’ява іншага парадку. «Пчолы» раскватараваны ў раёне Вальекас — рабочай ускраіне сталіцы. І гэтая акалічнасць шмат у чым вызначае форму іх няхітрага існавання. Усе мянушкі каманды нясуць у сабе рысы менавіта такога быцця. «Маленькія грамавержцы», «Забойцы асілкаў», але галоўнае — «Гонар рабочага класа».

У 2024 годзе клуб адсвяткаваў 100-гадовы юбілей. І з такой нагоды выдаў адзін самых удалых сезонаў у гісторыі — восьмае месца ў чэмпіянаце Іспаніі. Гэта паўтарэнне поспеху 2013 года, а вышэй мадрыдцы не ўзбіраліся ўвогуле ніколі.

Матчы адбудуцца 21 і 28 жніўня. Чакаем Гродна ў еўракубкавай восені!


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю