Top.Mail.Ru

Оперны спявак Аркадзь Валадось нагадвае пра беларускія карані Дзмітрыя Шастаковіча

З Францыі — у Шэметава

Фестываль класічнай музыкі «У Шэметава ў Шастаковічаў» доўжыцца з 21 верасня да 2 кастрычніка. Сёлета канцэрты адбываюцца не толькі ў Мядзелі, але і ў Будславе, таксама на сцэне Белдзяржфілармоніі, у тым ліку з удзелам французскіх музыкантаў. Арганізатарам з’яўляецца Мінскі абласны выканаўчы камітэт, Мядзельскі райвыканкам пры садзейнічанні Міністэрства культуры Беларусі і Пасольства Францыі ў нашай краіне.

Ініцыятарам і натхняльнікам з’яўляецца оперны спявак і выкладчык Аркадзь Валадось, які жыве ў Францыі, але ніколі не забываў пра свае карані: у вёсцы Какошыцы, што на Слонімшчыне. Ён узначальвае французскую асацыяцыю «Абмен: Францыя—Беларусь». Адна з яго адметных ініцыятыў звязаная з памяццю пра класіка музыкі ХХ стагоддзя Дзмітрыя Шастаковіча. Яго музыка Аркадзю Лявонцьевічу вельмі падабаецца. Вось і вырашыў ён нагадаць, што з Шэметава паходзіць прадзед славутага кампазітара.

Пётр Шастаковіч, які скончыў Віленскую медыка-хірургічную акадэмію, у 1830-я гады апынуўся ў Пермскім краі, дзе стварыў сям’ю таксама з беларускай. А бацька кампазітара Дзмітрый Баляслававіч Шастаковіч паехаў у Санкт-Пецярбург вучыцца і пасля ўдзельнічаў у рэвалюцыйным руху — у родзе Шастаковічаў гэта была ледзьве не сямейная традыцыя, якую не абмінуў нават будучы геній музыкі, — ды хіба гэта не адчуваецца па яго творах?

Шастаковіч шмат у чым быў наватарам у музыцы. Нездарма яго творы вельмі хутка сталі выконваць па ўсім свеце, нягледзячы на тое, што ён быў савецкім кампазітарам. Напярэдадні 110-годдзя Шастаковіча ў яго гонар у Шэметаве, што на Мядзельшчыне, адбыўся першы канцэрт, з якога пасля вырас фестываль. У Мядзеле нават простыя людзі, далёкія ад акадэмічнай музыкі, з задавальненнем прыходзяць на фестывальныя канцэрты і адкрываюць для сябе чароўны свет сур’ёзнай музыкі. Каб заахвоціць слухачоў, уваход на канцэрты ў Мядзелі і сёлета ў Будславе зрабілі свабодным.

Але ці ведаў сам Шастаковіч, адкуль пачынаўся такі пакручасты шлях яго продкаў?

— Мяркую, што так. На Мядзельшчыне мне распавядалі гісторыю, як прыязджаў туды нейкі «важны» чалавек, вельмі імкнуўся ў Шэметава, — згадвае Аркадзь Валадось. — Дакладна вядома, што Дзмітрый Дзмітрыевіч Шастаковіч неаднойчы адпачываў у Белавежскай пушчы, яму вельмі там падабалася.

Дарэчы, прыязджаў ён туды з трэцяй жонкай Ірынай, па нараджэнні Супінскай. Яе бацька паходзіў з Піншчыны і нейкі час з’яўляўся загадчыкам беларускага сектара Этнаграфічнага музея ў Ленінградзе. Напэўна, нічога не здараецца выпадкова...


Аркадзь Лявонцьевіч знайшоў сваё шчасце ў Францыі — будучы вядомым у Ленінградзе салістам Кіраўскага (цяпер Марыінскі) тэатра, вырашыў з’ехаць за мяжу. Гэта было яшчэ за савецкім часам, а тады ад’езд азначаў, што фактычна прыйдзецца пачынаць жыццё і кар’еру наноў. Але ў Францыі яго чакала каханая... 

І, з’яўляючыся прафесіяналам, валодаючы шыкоўным барытонам, ён знайшоў сваё месца ў прафесійным асяродку: дапамагла добрая школа (музычную адукацыю ён атрымаў менавіта на радзіме, але праходзіў стажыроўку ў міланскім тэатры Ла Скала) і беларуская працавітасць, імпэт. Ужо там, за мяжой, ён пазнаёміўся з іншымі былымі савецкімі знакамітасцямі, у прыватнасці, з Галінай Вішнеўскай і Мсціславам Растраповічам. Але падкрэслівае, што ён не з’яўляўся дэсідэнтам і ніколі не імкнуўся адасобіць сябе ад Радзімы.

Гэта ў ім паважаюць яго калегі за мяжой, дзе ён вядомы яшчэ як выкладчык. Дзякуючы яго шырокім сувязям да нас у Беларусь прыязджаюць французскія музыканты. Напрыклад, сёлета ганаровым госцем фестывалю «У Шэметава ў Шастаковічаў» стаў габаіст Жэром Гішар. Фестываль мае асветную місію. Аркадзь Лявонцьевіч марыць пра тое, каб яго водгулле ішло па Беларусі як мага шырэй. Можа, даедзе да роднай Валадосю Слонімшчыны?..

— ...У Слоніме некалькі стагоддзяў таму быў адзін з першых оперных тэатраў на тэрыторыі Беларусі — вось што трэба ведаць, — адказвае ён. — А ў мяне там магілы родных. Да іх прыязджаю... Бацькоўская хата пакуль стаіць, ёсць магчымасць спыніцца і правесці час, падыхаць родным паветрам.

Ларыса ЦІМОШЫК

Чытайце таксама: Чыя музыка будзе гучаць у новых пастаноўках Вялікага тэатра Беларусі?

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю