Top.Mail.Ru
348

Оперу «Князь Ігар» Вялікага тэатра Беларусі пакажуць у Марыйскім і Чувашскім тэатрах у маі

Вялікі тэатр Беларусі прадставіць оперу А. П. Барадзіна «Князь Ігар» на сцэнах Марыйскага і Чувашскага тэатраў оперы і балета 5 і 6 мая ў рамках «Вялікіх гастроляў». Аб гэтым паведамілі ва ўстанове культуры.


5 мая Вялікі тэатр Беларусі стане госцем расійскага фестывалю «Гісторыя Айчыны на опернай і балетнай сцэне» і прадставіць оперу «Князь Ігар» у Марыйскім тэатры оперы і балета імя Э. М. Сапаева. На наступны дзень, 6 мая, пастаноўку рэжысёра Галіны Галкоўскай убачаць у Чувашскім дзяржаўным тэатры оперы і балета.

«Наша опера — светлая. Мы ніколі не дазволім сабе пазбавіць гледача надзеі. Надзеі на тое, што ў жыцці заўсёды перамагаюць каханне і высакароднасць», — заўважыла рэжысёр.

У тэатры нагадалі, што ў 2022-м салісты оперы Анастасія Масквіна, Уладзімір Громаў і Аляксандр Міхнюк бралі ўдзел у Фестывалі опернага мастацтва на сцэне тэатра ў Ёшкар-Але. У сталіцы Рэспублікі Марый Эл беларуская балетная трупа ў 2023-м падчас гастрольнага тура прадстаўляла драму «Ганна Карэніна» на музыку П.І.Чайкоўскага. А ў Чабаксарах салісты балета Вялікага тэатра Беларусі нядаўна выступалі на XXIX Міжнародным балетным фестывалі.

Фота з сайта тэатра

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю