Напярэдадні іх вайсковая часць (салдаты — усе ардэнаносцы) перайшла пад камандаванне маршала Жукава. Хлопцам выдалі новую форму, патлумачылі, як трэба сябе паводзіць...
Сустрэча на Эльбе, па ўспамінах Александровіча, не была падобнай на тую, што паказваюць у фільме. Ішло «раўнаванне» граніцы: Берлін узялі савецкія войскі, а па дагавору ён павінен быць падзелены на дзве часткі. На той момант перад савецкімі салдатамі стаяла задача заняць тэрыторыю каля Магдэбурга. Таму сустрэча была не ў баявой абстаноўцы. Савецкая калона параўнялася з аналагічнай сустрэчнай саюзнікаў. Адзінае, што адрознівала машыны, гэта намаляваныя на дзверцах аўтамабіляў не чырвоныя, а белыя зоркі.
Як толькі калоны спыніліся, амерыканцы сталі саскокваць з кузаваў, хадзіць вакол машын. Усе яны былі вельмі рознымі: хто высокі, хто малы, хто белы, хто цемнаскуры, хто ў пілотцы, хто без... Уражанне — быццам гэтых хлопцаў з вуліцы толькі ўчора набралі ў войска.
Прагучалі каманды і для нашых салдат: спачатку — строіцца, потым — вольна, пасля якой пачаліся знаёмствы з саюзнікамі, пацісканне рук... Праехалі машыны з аркестрам, з кінафотаапаратурай.
Пасля таго як сустрэчу знялі на плёнку, пачаўся абмен сувенірамі. Да Александровіча падышоў амерыканскі салдат, нешта пачаў гаварыць. Мікалай не разумеў яго: стаў адказваць па-руску, потым па-нямецку. Амерыканец таксама нічога не разумеў. Прыйшлося «загаварыць» на мове жэстаў. Заакіянскі салдат падарыў беларусу малюнкі і невялічкі фотаапарат. Потым стаў працягваць долары і паказваць пальцам на яго ордэн Чырвонай Зоркі — маўляў, хачу, прадай. Мікалай адразу ж «сказаў», што не можа гэта зрабіць, і ў якасці сувеніра падарыў амерыканцу зорачку з пілоткі.
Праз нейкі час прагучала каманда «па машынах», і нашы салдаты ўмомант занялі свае месцы.
Пасля сустрэчы з саюзнікамі ў іх зусім не засталося зорачак. А вось Зорак, сваіх узнагарод, не падарыў і не прадаў ніхто.
Тамара Круталевіч,г. Беразіно.