Top.Mail.Ru

Ехаў 182 км/г і сутыкнуўся з таксі. У СК расказалі пра ДТЗ, у выніку якога загінула сям’я з Расіі

Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта ўстанавіла абставіны ДТЗ у Мінскім раёне, у якім загінулі чатыры чалавекі, уключаючы двух дзяцей. Пра гэта паведаміла БелТА.

Паводле звестак следства, раніцай 28 чэрвеня 26-гадовы кіроўца Mercedes, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, рухаўся па аўтадарозе М2 у напрамку да Нацыянальнага аэрапорта «Мінск». Каля вёскі Каралёў Стан ён учыніў сутыкненне са спадарожным аўтамабілем таксі, які ад удару адкінула на дарожную загароду.

У выніку ДТЗ загінула сям’я з Расіі — 75-гадовая жанчына, яе 43-гадовая дачка і дзве ўнучкі 7 і 13 гадоў. Яны ехалі ў аэрапорт. Таксіст атрымаў менш цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Следчыя высветлілі, што Mercedes рухаўся з хуткасцю 182 км/г пры максімальна дапушчальнай у 90 км/г. Канцэнтрацыя этылавага спірту ў крыві кіроўцы перавысіла 2,7 праміле. Сябар вінаватага аварыі на допыце расказаў, што яны з прыяцелем выпівалі ўсю ноч, каталіся па начным Мінску, а пад раніцу вырашылі адправіцца да знаёмай у Маскву. Перад паездкай мінчанін зняў з аўто рэгістрацыйныя нумары і ехаў па трасе вельмі хутка. Сведка адзначыў, што перад ДТЗ сябар адцягнуўся ад кіравання, расказваючы гісторыю, і толькі пасажыр заўважыў, што наперадзе па дарозе едзе таксі, але п’яны кіроўца не паспеў зрэагаваць, і машыны сутыкнуліся.

Таксама яшчэ ў Мінску нецвярозы кіроўца ўчыніў ДТЗ — пашкодзіў чужы аўтамабіль і ўцёк з месца аварыі.

Супрацоўнікі галоўнага следчага ўпраўлення правялі дбайнае расследаванне з мэтай высвятлення поўнай карціны падзей. На падставе сабраных доказаў 26-гадоваму мінчаніну выстаўлена абвінавачанне паводле ч. 5. арт. 317 КК (Парушэнне ПДР асобай, якая кіравала транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць двух і больш асоб). З санкцыі пракурора да яго прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю