На разгляд у суд накіравана крымінальная справа ў дачыненні да 29-гадовага раней судзімага гараджаніна, якога абвінавачваюць у наўмысным прычыненні лёгкага цялеснага пашкоджання, паведамляе «Мінск-Навіны».
Абвінавачаны прыйшоў з працы выпіўшым і працягнуў дома ўжываць спіртныя напоі, з-за чаго яго жонка выказвала незадаволенасць. На вачах маленькай дачкі галава сямейства штурхнуў жанчыну ў грудзі і прыціснуў да сцяны, з-за чаго тая страціла прытомнасць. Далей дэбашыр пачаў біць яе рукамі па твары, а пасля нанёс адзін удар нажом у правае сцягно.
Апрытомнеўшы, пацярпелая сказала сямігадовай дачцэ ад першага шлюбу патэлефанаваць свайму бацьку і папрасіць яго выклікаць міліцыю. Нарад, які прыехаў, затрымаў падазраванага ў пад’ездзе. Мінчанку павезла хуткая ў бальніцу, дзе ёй зашылі нагу. Згодна з заключэннем эксперта, ёй былі нанесены лёгкія цялесныя пашкоджанні па прыкмеце кароткачасовага парушэння здароўя.
Варта адзначыць, што ў момант гэтых падзей жанчына знаходзілася на 24-м тыдні цяжарнасці. Крымінальная справа ў дачыненні да яе мужа заведзена пракуратурай Фрунзенскага раёна ў адпаведнасці з ч. 5 арт. 26 КПК у абарону законных правоў і інтарэсаў пацярпелай.
— Абвінавачаны працуе камплектоўшчыкам, раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за нявыплату аліментаў на ўтрыманне дзіцяці ад першага шлюбу, судзімасць не знята і не пагашана ва ўстаноўленым законам парадку, — пракаменціраваў намеснік пракурора Фрунзенскага раёна Ігар Жыбуль. — Яму прад’яўлена абвінавачанне ў наўмысным прычыненні лёгкага цялеснага пашкоджання, якое прывяло да кароткачасовага расстройства здароўя, гэта значыць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 153 КК. Віну грамадзянін поўнасцю прызнаў. Згодна з заключэннем экспертаў, ён мае патрэбу ў прымусовым лячэнні ад хранічнага алкагалізму.
У дачыненні да абвінавачанага прыменена мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.