П’яны жыхар Пінска ўкраў легкавік, перадае БелТА.
У аператыўна-дзяжурную службу Пінскага ГАУС паступіла некалькі паведамленняў аб тым, што кіроўца пашкодзіў аўтамабілі, прыпаркаваныя ў двары, і ўцёк з месца ДТЗ. На месца здарэння неадкладна выбылі супрацоўнікі міліцыі.
Па гарачых слядах у лесапаласе быў затрыманы 21-гадовы непрацуючы жыхар Пінска, а побач з ім — аўтамабіль «Аўдзі-80», які мае характэрныя пашкоджанні пасля ДТЗ. Як патлумачыў затрыманы, пасля ўжывання алкаголю ў коле сяброў ён вырашыў адправіцца на дыскатэку. Выйшаўшы на вуліцу, фігурант заўважыў прыпаркаванае аўто, скарыстаўшыся зношанасцю замкоў, ён змог адкрыць машыну і завесці яе. Пры выездзе з дваровай тэрыторыі мужчына, не справіўшыся з кіраваннем, пашкодзіў адразу тры аўто і ўцёк з месца здарэння.
Фігурант прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне транспартным сродкам, не маючы права кіравання і ў стане алкагольнага ап’янення, а таксама за пакіданне месца ДТЗ. Акрамя таго, у дачыненні да яго распачата крымінальная справа па ч.1 арт. 214 КК, яму пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.