Разам з канікуламі ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку па 8 лістапада праходзіць рэспубліканскі тыдзень тэхнічнай творчасці «Юнацтва. Інтэлект. Будучыня».
«На бягучым тыдні кожны дзень у нашым корпусе дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на Славінскага, 12 праводзяцца 7-10 майстар-класаў па розных напрамках. У нас ёсць робататэхніка, электроніка і тэхналогіі, стварэнне 3D-мадэлей, інтэрактыўная астрафізіка, біёніка і кібераніматыка. Дзяцей чакаюць майстар-класы „Формула R“, „У свеце Python і нейроннай генерацыі“, „Код Дыназаўра. Палеанталагічная экспедыцыя“, „Геймдэў у PowerPoint“. Будзе ўсё аж да штучнага інтэлекту. З поўным спісам можна азнаёміцца на нашым сайце. З задавальненнем чакаем юнакоў і дзяўчат», — сказаў Сяргей Сачко.
Ён адзначыў вялікую цікавасць дзяцей да такой формы арганізацыі заняткаў на канікулах. «Нашы выкладчыкі актыўна працуюць. Мы цесна ўзаемадзейнічаем з ВНУ не толькі ў плане адукацыйных праграм у рамках змен для адораных дзяцей, але і развіваем кадравы патэнцыял. Да нас па размеркаванні прыходзяць маладыя спецыялісты, таму ў праграмах дадатковай адукацыі працуюць маладыя выкладчыкі. Акрамя таго, юнакі і дзяўчаты, якія ў свой час былі залічаны ў ВНУ па рэкамендацыі наглядальнага савета дзіцячага тэхнапарка, ужо вывучыліся і сталі маладымі спецыялістамі. Некаторыя з іх працуюць у нас, так захоўваецца пераемнасць», — падкрэсліў кіраўнік.
Праграмы майстар-класаў разлічаны на ўсіх школьнікаў, занятак даспадобы зможа знайсці нават першакласнік-шасцігодка.