Як развіваецца беларуская выдавецкая галіна і колькі кніг вырабляюць у краіне, расказаў першы намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Езерскі, перадае БелТА.
«Гэта тая галіна, якая перш за ўсё звязана з перапрацоўчай прамысловасцю. Яна звязана з лесаперапрацоўкай. У нас поўны комплекс у краіне, звязаны з вырошчваннем лесу і яго перапрацоўкай, цэлюлознай прамысловасцю. У нас свая папера, у нас ёсць пэўная частка сваіх хімічных складнікаў. І, вядома ж, калі мы гаворым пра кнігу, у нас ёсць пісьменнікі, якія працуюць над ёй, выдавецтвы. І ў выніку — паліграфічнае прадпрыемства, якое ўжо выдае кнігу, папярова-белавую прадукцыю, газету, — адзначыў Дзяніс Езерскі. — Сёння гэта галіна, якая стабільна стаіць на нагах у нашай краіне».
Гэты сектар у Беларусі падтрымлівае дзяржава. «За кошт таго, што сыравінная база свая, нам прасцей у адрозненне ад нашых калег за мяжой, на постсавецкай прасторы вырашаць арганізацыйныя пытанні. Мы захавалі патэнцыял прамысловы — гэта паліграфічныя прадпрыемствы, мы захавалі патэнцыял выдавецкі. І мы захавалі, адпаведна, патэнцыял пісьменніцкі. І самае галоўнае, канчатковы спажывец сёння прыходзіць у кніжны гандаль, які ў нас у краіне развіты. Ён не прадстаўлены толькі дзяржаўным гандлем. На сённяшні дзень больш за 2,5 тыс. распаўсюджвальнікаў ёсць у Беларусі», — расказаў першы намеснік міністра.
Дзяніс Езерскі прывёў лічбы: 460 выдавецтваў — як буйных, так і маленькіх. 228 з іх — прафесійныя, якія працуюць над вялікім аб’ёмам кніг, часопіснай і іншай прадукцыі.
«За 9 месяцаў бягучага года ў Беларусі выдалі больш за 5 тыс. найменняў — гэта больш за 12 млн кніг. У нас гэтая лічба стабільная, за апошнія тры-чатыры гады яна не моцна мяняецца. У сярэднім наша краіна вырабляе дзве кнігі на аднаго жыхара краіны. Гэта досыць вялікі паказчык. А на постсавецкай прасторы — адзін з лепшых, — адзначыў ён. — Ёсць кнігі, заточаныя на экспарт. У нас выдавецтвы выдаюць кнігі на больш чым 25 мовах. Розныя кнігі, розныя тыражы. У тым ліку наш культурны здабытак, літаратура, якую мы перакладаем на замежныя мовы».
Але работа на экспарт — не асноўная мэта. Галоўная задача, падкрэслівае першы намеснік міністра, насыціць свой рынак і зрабіць яго, умоўна кажучы, менш залежным ад кніг замежнай вытворчасці.
«Мы кажам пра тое, што кніга, як любы інфармацыйны прадукт, павінна адлюстроўваць нашу ідэалогію, нашы каштоўнасці, культуру, — адзначыў ён. — Сёння па ўсім свеце вырабляецца велізарная колькасць кніг. А вось іх змест часцяком пакідае жадаць лепшага. Таму задача, якая стаіць перад нашымі выдаўцамі, — даваць свой нацыянальны прадукт, працаваць са сваімі аўтарамі».