Учора каля 15.00 на 18-м кіламетры аўтадарогі Н5011 на маршруце Светлагорск — Сасновы Бор — Палессе кіроўца аўтамабіля Mazda не справіўся з кіраваннем, выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з грузавіком МАЗ. У выніку ДТЗ загінулі 46-гадовы кіроўца іншамаркі, яго 11-гадовая дачка і 78-гадовая цешча. Яшчэ двух пасажыраў, 51-гадовую жонку кіроўцы і яе 8-гадовага пляменніка, даставілі ў бальніцу. Хлопчык, нягледзячы на намаганні медыкаў, памёр.
На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група, у склад якой увайшлі супрацоўнікі абласнога ўпраўлення, якія спецыялізуюцца на расследаванні крымінальных спраў дадзенай катэгорыі, і крыміналістычнага аддзела. Следчыя, спецыялісты УДКСЭ па Гомельскай вобласці і супрацоўнікі ДАІ праводзяць агляд, дэталёва фіксуюць следавую карціну.
Светлагорскі РАСК распачаў крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 317 КК (Парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх і больш асоб). Следчыя звяртаюцца да відавочцаў ДТЗ з просьбай паведаміць наяўную інфармацыю.