У Паставах прайшло раённае свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026», прысвечанае Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Работнікаў аграпрамысловага комплексу павіншаваў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці Ігар Сергяенка, паведамляе БелТА.
Ігар Сергяенка цёпла прывітаў землякоў на свяце ў раённым Доме культуры. «У нашай краіне гэтае свята ўжо даўно выйшла за прафесійныя рамкі і стала сапраўды ўсенародным. І прыемна сёння разам з хлебаробамі, загартаванымі жыццёвым вопытам, бачыць у зале шмат моладзі. Гэта сведчыць пра пераемнасць пакаленняў і пра тое, што ёсць каму працаваць на Пастаўшчыне. І гэта заканамерна. У дзяржавы няма больш надзейнай апоры, чым людзі, здольныя па-гаспадарску беражліва распараджацца зямлёй, на якой жывуць і працуюць», — сказаў Ігар Сергяенка.

Ён адзначыў, што наша краіна цалкам забяспечвае сваю харчовую бяспеку і ўваходзіць у лік сусветных лідараў па экспарце прадуктаў харчавання. «Гэта найважнейшае дасягненне, прадмет нашага асаблівага гонару. Беларусь пастаўляе прадукты харчавання больш чым у 115 краін свету. Толькі ва ўзаемным гандлі харчовымі таварамі ў Еўразійскім эканамічным саюзе доля нашай краіны штогод перавышае 40%. У цяперашні час аграпрамысловы комплекс фарміруе амаль 12% валавога ўнутранага прадукту краіны. Таму галоўным прыярытэтам і адным з найбольш вядомых беларускіх брэндаў за мяжой застаюцца высокая якасць і традыцыйны смак нашых прадуктаў. Дзякуючы ўкараненню перадавых навуковых распрацовак доля айчыннай тэхнікі на палях сёння складае больш за 90%. Вырошчваецца каля 150 сартоў сельскагаспадарчых раслін, створаных нашымі навукоўцамі. Дасягнутыя ў бягучым годзе вынікі, з улікам прагнозаў, дазваляюць цалкам задаволіць унутраныя патрэбы і сфарміраваць базу для экспарту. Пастаўкі харчавання на знешнія рынкі па выніках 2026 года могуць скласці рэкордныя $11 млрд», — паведаміў Ігар Сергяенка.
.jpg)
Уклад Віцебшчыны ў рэспубліканскі каравай сёлета склаў амаль мільён тон збожжавых і зернебабовых. Упершыню валавы збор насення рапсу склаў каля 150 тыс. т. Годна паказалі сябе і аграрыі Пастаўскага раёна. У найскладанейшых умовах надвор’я было сабрана 47,5 тыс. т збожжа і каля 8 тыс. т рапсу. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна асвоілі тэхналогіі вытворчасці кукурузы на зерне. Ужо сабрана амаль 5 тыс. т. Прадпрыемствы перапрацоўчай галіны нарошчваюць аб’ёмы вытворчасці і пашыраюць асартымент прадукцыі.
Звяртаючыся да работнікаў АПК Пастаўскага раёна, Ігар Сергяенка падкрэсліў: «Вы — годныя прадаўжальнікі слаўных традыцый многіх пакаленняў нашых суайчыннікаў, якія на працягу стагоддзяў беражліва ўладкоўвалі наш агульны дом, імкнуліся напоўніць яго дастаткам і цяплом. Перакананы, што пільная ўвага да аграрнай галіны з боку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і дзяржаўная падтрымка дапамогуць вам дасягаць новых поспехаў на хлебнай ніве. Вынікі, вядома ж, павінны быць і могуць быць вышэйшыя».

Падзякі Старшыні Палаты прадстаўнікоў уручылі дырэктару ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрыю Шымчыку, кіроўцу ААТ «Сцяг Перамогі-Агра» Юрыю Квачу і сыраробу-майстру ААТ «Пастаўскі малочны завод» Таццяне Грудзько.
Юрый Шымчык удакладніў, што практычна ўсе палявыя работы завершаны. «Мы ўбралі рапс і збожжавыя, а таксама нарыхтавалі кармы. Сёлета ўбралі 400 га кукурузы на зерне і атрымалі нядрэнны ўраджай. Намалацілі больш за 80 ц/га, сабралі звыш 3 тыс. т. Дзве тысячы тон высушылі, а амаль тысячу сплюшчылі і заклалі ў сянажную траншэю, каб сёлета дадаваць да грубых кармоў для кароў», — сказаў ён.

Дырэктар прадпрыемства дадаў, што калектыў працуе зладжана, і менавіта дзякуючы агульнай працы механізатараў, вадзіцеляў, жывёлаводаў і аператараў дасягнуты такі важкі вынік.