З вудачкай Андрэй Сцяпанавіч, можна сказаць, на свет нарадзіўся. З ранняга маленства сядзеў на беразе Усы. Трохі падросшы, разам з іншымі хлопцамі гойсалі на Сулу, потым, зарабіўшы на ўласны «ІЖ», ездзіў на Салігорскае вадасховішча і нават да свата на слаўную Прыпяць...
Гэта цяпер, калі выйшаў на пенсію, ён не такі ўжо спрытны — пацяжэў на пад’ём. Хіба ўспамінае калі-нікалі мінулыя подзвігі: за куфлем піва расказвае мужыкам, як аднойчы паехаў да свата пагасціць, як разам з ім з граблямі-віламі пайшлі на поплаў сена сушыць, а там — бачаць — сом пры беразе... Кілаграмаў на 20 — прыгрэўся на сонейку і нічога не чуе! Дык яны ўдвух падкраліся з віламі — раз і «закалолі».
— Ага, пэўна, так і было, — не верылі мужыкі расказчыку, пасмейваліся з яго.
Ён з іх таксама хацеў... І такі ж прыдумаў, як гэта зрабіць.
...«Я на рыбалку! — аднойчы раніцай сказаў сваёй палавіне. — Буду пасля абеду».
Завёў матацыкл, паехаў, але не ў той бок, дзе рэчка, а ў той, дзе райцэнтр, дзе ўнівермаг, каля якога па суботах спынялася машына з жывой рыбай.
Сцяпанавіч выбраў сабе трох тлустых карпаў — недзе па кілаграму-паўтара, кінуў у торбу, яе — у каляску свайго матацыкла, і падаўся назад. У вёсцы калісьці даўно і на ўсякі пажарны (каб было дзе вады набраць) выкапалі невялікі штучны вадаём. Рыбы там не лавіў ніхто і ніколі, але ж дзеці з вудамі часам сядзелі.
Сцяпанавіч — таксама: паставіў на лёд складны табурэцік, кінуў міні-вудачкі, скрыначку з прыкормам, прасвідраваў тры лункі і сеў. Бачыць, хвілін праз дзесяць міма яго стары Волісь едзе, запыняе каня, падыходзіць да берага, пытае:
— Ты, што, Сцяпанавіч, здзяцінеў ці не пахмяліўся? Тут жа адны жабы водзяцца.
— Э не, даражэнькі, — не міргнуўшы вокам, кажа рыбак. — Адстаў ты ад жыцця: не ведаеш, што летась сыны дачніцы Веркі дзесяць кілаграмаў рыбы запусцілі — і малой, і крыху большай. За год жа яна падрасла?
— Брэшаш?! — не паверыў дзед рыбаку і паехаў далей.
Але ж хвілін праз колькі па той самай дарозе вяртаўся назад і, як той казаў, на свае вочы ўбачыў трох ладных карпаў, якія біліся каля адной з лунак.
Здзівіўся стары, пачухаў патыліцу ды пугай прысцёбнуў каня.
Сцяпанавіч пасля гэтага хутка зматаў свае вудачкі — панёс дадому «ўлоў», жонку папрасіў, каб падсмажыла, ды падсеў да тэлевізара.
А на вадаёме тым часам з’явіўся сын Воліся з усім рыбацкім прычындаллем, потым — яго сусед і яшчэ... некалькі мужчын, якія спрабавалі штосьці злавіць. «Хлопцы, ёсць рыба! Дальбог! Я сам яе бачыў!» — даводзіў ім Волісь.
Сцяпанавіч таксама да сажалкі падышоў.
— Э-э, што вы тут робіце? — спытаў у рыбакоў і, не чакаючы адказу, хуценька рвануў у бок свайго дома.
Віктар Сабалеўскі, г. Узда