Top.Mail.Ru

Паўлючэнка назвала шляхі вырашэння дэмаграфічных выклікаў

Камандная шматпланавая работа і адраснасць.

Аб галоўных дэмаграфічных выкліках і шляхах іх вырашэння расказала міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка на палях міжнароднага форуму «Сям’я — аснова дэмаграфічнага патэнцыялу дзяржавы», перадае БелТА.

Міністр адзначыла, што сёння ў краіне створана магутная падтрымка сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, з асаблівым акцэнтам на шматдзетныя сем’і. «Сёння ў нас каля 123 тыс. шматдзетных сем’яў, а калі азірнуцца назад, то ў 2019 годзе іх было 106 тыс. Гэта значыць адрасныя меры падтрымкі для шматдзетных працуюць», — сказала яна.

На форуме, які праходзіць у Нацыянальнай бібліятэцы, таксама прысутнічаюць эксперты з Расіі. Наталля Паўлючэнка адзначыла, што сёння ў пытаннях развіцця сямейнай падтрымкі нашы краіны сутыкаюцца з падобнымі выклікамі. 

«Гэта адкладзенае ўступленне ў шлюб і павелічэнне ўзросту нараджэння першага дзіцяці. На гэтыя выклікі трэба глядзець з пункту гледжання стварэння ўмоў для таго, каб нашы маладыя людзі больш смела разглядалі пытанне мацярынства і бацькоўства, узялі шлюб і развіваліся ў нашым грамадстве», — дадала міністр.

Паводле яе слоў, дзяржаву чакае шматпланавая работа. «Я называю яе каманднай, таму што стварэнне ўмоў для бацькоўства і мацярынства — гэта перш за ўсё сістэма адукацыі. Мы прапануем сёння ўводзіць у навучальныя праграмы курсы, якія будуць паказваць шчаслівыя гісторыі сем’яў, расказваць пра важнасць павагі адзін да аднаго, пра тое, як важна чуць і слухаць. Бо сям’я — гэта штодзённая работа. Вядома, гэта таксама сістэма аховы здароўя — развіццё прэнатальных цэнтраў, міжрэгіянальных сістэм планавання сям’і і перадабортнага кансультавання», — сказала яна.

Наталля Паўлючэнка таксама патлумачыла, што сучасная тэндэнцыя адкладзенага нараджэння першага дзіцяці з’яўляецца следствам усвядомленага падыходу моладзі. «Так, моладзь сапраўды прымае рашэнне аб нараджэнні дзіцяці тады, калі ў яе ёсць праца і ўпэўненасць у будучыні. Таму нам трэба стварыць умовы для таго, каб, калі нараджаецца дзіця, бацькі маглі выбраць найбольш камфортны для сябе перыяд па-за работай. Гэта ўключае пашырэнне прадастаўлення паслуг дашкольнай адукацыі для дзяцей да 2 гадоў. Што датычыцца далейшага развіцця сямейнага капіталу і сістэмы дзяржаўных дапамог, то тут ключавым аспектам з’яўляецца адраснасць», — падкрэсліла Наталля Паўлючэнка.

Міністр дадала, што сярод выклікаў таксама стаіць высокая ступень разводаў нават сярод людзей, якія ўступаюць у шлюб ва ўсвядомленым узросце. «Кожны год каля 30 тыс. дзяцей сутыкаюцца з праблемай разводаў бацькоў. Тут наспела неабходнасць укаранення сямейнай медыяцыі і развіцця цэнтраў кансультавання», — адзначыла яна.

«Па гэтых ключавых напрамках нам трэба будзе рухацца і працаваць. Вельмі важна, што форум праводзіцца ў актыўную фазу распрацоўкі дзяржаўнай праграмы „Дэмаграфія“ на наступныя 5 гадоў. Мы абавязкова ўсё абмяркуем і лепшыя практыкі і ідэі рэалізуем у рамках гэтай праграмы», — сказала Наталля Паўлючэнка.

  • Міжнародны форум «Сям’я — аснова дэмаграфічнага патэнцыялу дзяржавы» праходзіць сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Яго мэта — кансалідацыя намаганняў дзяржавы, Беларускай праваслаўнай царквы і грамадства ў выпрацоўцы мер, арыентаваных на фарміраванне пазітыўнай устаноўкі на стварэнне сям’і, нараджэнне і выхаванне дзяцей, пераемнасць пакаленняў і здаровы лад жыцця як асновы дэмаграфічнага дабрабыту дзяржавы.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю